Савіцкі Сцяпан Еўдакімавіч нарадзіўся 3 чэрвеня 1923 г. у вёсцы Вялікая Сліва Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Жалязняка брыгады імя Чкалава № 64, а з ліпеня 1944 г. служыў у радах Савецкай арміі, удзельнічаў у штурме Берліна. Узнагароджаны медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За ўзяцце Берліна».
Пасля вайны скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, затым аспірантуру. У сакавіку 1955 г. абараніў дысертацыю з прысуджэннем вучонай ступені кандыдата хімічных навук. З 1954 па 1960 г. С. Савіцкі выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце, з 1960 па 1965 г. загадваў кафедрай агульнай хіміі ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі.
25 чэрвеня 1965 г. прызначаны рэктарам Віцебскага тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці. За кароткі тэрмін пад яго кіраўніцтвам у інстытуце былі створаны ўсе ўмовы для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў па розных напрамках у сферы лёгкай прамысловасці.
С. Савіцкі актыўна займаўся навуковай і вучэбна-метадычнай дзейнасцю. Ім апублікавана больш за 70 работ па фізічнай хіміі і тэхналогіі вырабу сілікатных матэрыялаў, у тым ліку 3 манаграфіі. У ліпені 1971 г. С. Савіцкаму было прысвоена вучонае званне прафесара.
За заслугі ў развіцці вышэйшай адукацыі С. Савіцкі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), ордэнам «Знак Пашаны» (1981). Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Неаднаразова абіраўся членам Віцебскага гарадскога камітэта партыі, дэпутатам гарадскога савета, членам Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў вышэйшай школы і навуковых устаноў і інш.
Па матэрыялах ВДТУ
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).
Фота: scientby.nlb.by/