24.09.2022

Алег Валянцінавіч Рахліцкі нарадзіўся 7 кастрычніка 1959 г. у г. Жыткавічы Гомельскай вобласці. У 1981 г. скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут (сёння – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) па спецыяльнасці «інжынер-механік». З 1981 г. да цяперашняга часу працуе ў Рэспубліканскім канструктарскім унітарным прадпрыемстве «ГСКБ па збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхніцы» вытворчага аб'яднання «Гомсельмаш»: інжынер-канструктар – галоўны канструктар па кормаўборачнай тэхніцы і ўніфікаваным сістэмам самаходных машын – загадчык канструктарскага аддзела кормаўборачнай тэхнікі. З 2012 г. – дырэктар Рэспубліканскага канструктарскага ўнітарнага прадпрыемства «ГСКБ па збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхніцы», з 2014 г. – дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Навукова-тэхнічны цэнтр камбайнабудавання» (НТЦК) ААТ «Гомсельмаш», з 2016 г. – галоўны канструктар па уніфікаваным сістэмах самаходных машын ААТ «Гомсельмаш».

Галіна навуковых інтарэсаў – сельскагаспадарчая тэхніка. А. Рахліцкі ўдзельнічае ў распрацоўцы канструктарскай дакументацыі, правядзенні выпрабаванняў, пастаноўцы на вытворчасць і ўдасканаленні канструкцыі ўсіх распрацоўваных у арганізацыі машын, з'яўляецца кіраўніком праектаў.

А. Рахліцкі – аўтар больш за 25 заявак на вынаходствы і больш за 120 патэнтаў Рэспублікі Беларусь на вынаходствы, карысныя мадэлі і прамысловыя ўзоры ў галіне сельскагаспадарчай тэхнікі; лаўрэат прэміі Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь (2005 г.). Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» (2000 г.) за распрацоўку і пастаноўку на вытворчасць у ПА «Гомсельмаш» збожжаўборачнай тэхнікі.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.


Фота: gomselmash.by
Вверх