Пытанне: Ці дзейнічаюць палажэнні аб вычарпанні выключнага права ў дачыненні да камп’ютарных праграм?
Адказ: Для правамернага выкарыстання твора, у тым ліку шляхам яго ўзнаўлення (г. зн. вырабу, у тым ліку тыражавання, аднагоэкзэмпляра або больш аб'екта аўтарскага права ў любой аб'ектыўнай форме (у тым ліку адметнай ад формы, у якой існуе арыгінал) (абзац пяты артыкула 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 17 мая 2010 г. № 262-З (далей – Закон)), а таксама распаўсюджвання яго экзэмпляраў з дапамогай продажу ці іншай перадачы права ўласнасці неабходна атрыманне дазволу аўтара ці іншага праваўладальніка. Выкарыстанне твора без дазволу аўтара ці іншага праваўладальніка з'яўляецца парушэннем яго выключнага права (за выключэннем выпадкаў свабоднага выкарыстання твораў, прадугледжаных главой 4 Закона).
У Рэспубліцы Беларусь у дачыненні да права на распаўсюджванне экземпляраў любых відаў твораў дзейнічае прынцып вычарпання. Гэты прынцып выяўляецца ў тым, што экзэмпляры правамерна апублікаванага твора, уведзеныя з дазволу праваўладальніка ў грамадзянскі абарот на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з дапамогай продажу ці іншай перадачы права ўласнасці, могуць у далейшым распаўсюджвацца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без згоды праваўладальніка і без выплаты яму ўзнагароджання (абзац трэці часткі другой пункта 2 артыкула 16 Закона).
Даведачна:
Экзэмплярам твора з'яўляецца арыгінал або копія твора, вырабленая ў любой матэрыяльнай форме (абзац трыццаць пяты артыкула 4 Закона).
Такім чынам, Закон дазваляе, напрыклад, перапродаж або дарэнне экзэмпляра камп’ютарнай праграмы (далей – КП) без дазволу праваўладальніка і выплаты яму ўзнагароджання, калі такі экзэмпляр быў правамерна ўведзены ў грамадзянскі абарот з дапамогай продажу ці іншай перадачы права ўласнасці.
У адпаведнасці з часткай першай пункта 3 артыкула 13 Закона асобе, якая правамерна валодае экзэмплярам КП, належыць права яе выкарыстання па прамым прызначэнні, уключаючы ўстаноўку на камп’ютар ці іншую прыладу, запуск і працу з ёй (выкарыстанне закладзеных у камп'ютарную праграму функцыянальных магчымасцяў) на ўмовах, устаноўленых аўтарам ці іншым праваўладальнікам. Гэта значыць, сам факт набыцця экзэмпляра КП не дае ўладальніку экзэмпляра права выкарыстання КП без захавання ўстаноўленых праваўладальнікам умоў (г. зн. без дазволу праваўладальніка) ні па прамым прызначэнні, ні іншым спосабам (за выключэннем далейшага распаўсюджвання экзэмпляра, у дачыненні да якога прыменены прынцып вычарпання).
Такія ўмовы змяшчаюцца ў дагаворы з праваўладальнікам, заключэнне якога неабходна для правамернага выкарыстання КП, у тым ліку па прамым прызначэнні. Такі дагавор можа быць заключаны, напрыклад, у выглядзе так званай «абгортачнай ліцэнзіі» – дагавора далучэння, умовы якога выкладзены, напрыклад, на набытым экзэмпляры КП альбо яго ўпакоўцы. Пачатак выкарыстання такой КП азначае згоду з такімі ўмовамі (частка другая пункта 7 артыкула 44 Закона аб аўтарскім праве).
У выпадку адчужэння экзэмпляра КП (напрыклад, яго продажу) права выкарыстання такой КП аўтаматычна спыняецца ў ранейшага ўладальніка, калі іншае не прадугледжана праваўладальнікам ў дагаворы (частка другая пункта 3 артыкула 13 Закона).
Такім чынам, прынцып вычарпання выключнага права ў аўтарскім праве азначае толькі вычарпанне права на распаўсюджванее, г. зн. магчымасць далейшага распаўсюджвання правамерна уведзеных у грамадзянскі абарот асобнікаў без згоды праваўладальніка і выплаты яму ўзнагароджання, і не закранае якія-небудзь іншыя спосабы выкарыстання твора, у тым ліку выкарыстанне КП па прамым прызначэнні.
06.2024
Ю.А. Дашкоўская (спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)