Пытанне: Якія дакументы павінна прадаставіць асоба, якая валодае выключнымі правамі на адпаведны аб'ект інтэлектуальнай уласнасці (АІУ)? Напрыклад, калі гэты АІУ быў распрацаваны як службовы твор (у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам у сферы інтэлектуальнай уласнасці не патрабуюцца рэгістрацыя ў НЦІУ і ажыццяўленне працэдуры дэпанавання). Ці дастаткова рэгістрацыйнага пасведчання на інфармацыйны рэсурс або заявы («Пацвярджаем, што з'яўляемся ўладальнікамі выключнага права на інфармацыйна-прававую сістэму»)?
Адказ: У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (Закон аб аўтарскім праве) да аб'ектаў аўтарскага права (твораў) адносяцца у тым ліку камп'ютарныя праграмы і базы даных, якія існуюць у аб'ектыўнай форме і адпавядаюць крытэрыю выніка творчай працы (п. 1, абз. 11 ч. 1 і абз. 3 ч. 2, п. 5 арт. 6, ч. 1 п. 1 арт. 11 і арт. 14 Закона аб аўтарскім праве ).
Законам аб аўтарскім праве не прадугледжаны дакументы, якія патрабуецца прадставіць або якія могуць выкарыстоўвацца для пацверджання прыналежнасці асобе выключнага права. Аднак у некаторых сітуацыях можа спатрэбіцца дакументальная фіксацыя фактаў, з якімі Закон аб аўтарскім праве звязвае пэўныя прававыя наступствы.
Аўтарскае права на твор узнікае ў сілу факту яго стварэння, пры гэтым для ўзнікнення і ажыццяўлення аўтарскага права не патрабуецца выкананне якіх-небудзь фармальнасцяў. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае прэзумпцыя аўтарства, якая азначае, што пры адсутнасці доказаў іншага аўтарам твора лічыцца асоба, якая ўказана ў якасці аўтара на экзэмпляры твора (п. 1 і п. 2 арт. 8 Закона аб аўтарскім праве).
Такім чынам, пры адсутнасці доказаў зваротнага маёмасныя правы на твор (у тым ліку выключнае права) і асабістыя немаёмасныя правы ўзнікаюць у асобы, указанай у якасці аўтара на любым экзэмпляры твора. Пры гэтым з практычных меркаванняў рэкамендуецца зафіксаваць найбольш магчыма раннюю дату, на якую імя аўтара было ўказана на экзэмпляры твора. Зрабіць гэта можна рознымі спосабамі, у тым ліку для гэтага існуе працэдура добраахвотнай рэгістрацыі і дэпанавання аб'ектаў аўтарскага права, пры якой незалежная трэцяя асоба прымае на захоўванне экзэмпляр твора, на якім пазначана імя аўтара, і фіксуе дату, на якую такі экзэмпляр ёю быў атрыманы.
На практыцы распаўсюджаны выпадкі пераходу і перадачы выключнага права ад аўтара да іншай асобы. У сувязі з гэтым любы праваўладальнік мае права ў якасці інфармацыйнага ідэнтыфікатара прыналежнасці яму выключнага права размяшчаць на экзэмплярах твора знак аховы аўтарскага права (складаецца з сімвала «©», імя (назвы) праваўладальніка і года абнародавання твора) (п. 4 арт. 16 Закона аб аўтарскім праве). Знак аховы аўтарскага права не з'яўляецца падставай для ўзнікнення аўтарскага права ў таго, хто яго прымяняе. Разам з тым, з улікам прэзумпцыі добрасумленнасці і разумнасці ўдзельнікаў грамадзянскіх праваадносін (абз. 8 ч. 2 арт. 2 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь), прастаўленне такога знака, як і іншая заява асобы аб тым, што яна валодае выключным правам, можа ўказваць на тое, што такая асоба з'яўляецца праваўладальнікам (да таго часу, пакуль не будзе ўстаноўлена іншае).
У выпадку, калі твор з'яўляецца службовым (гэта значыць створаным аўтарам па заданні наймальніка або ў парадку выканання абавязкаў, абумоўленых працоўнай дамовай), ён існуе ў рамках асаблівага прававога рэжыму: паводле агульнага правіла выключнае права на службовы твор з моманту яго стварэння пераходзіць ад аўтара да яго наймальніка (абз. 30 арт. 4, п. 2 арт. 17 Закона аб аўтарскім праве). У дадзеным выпадку для пацверджання таго, што наймальнік з'яўляецца праваўладальнікам, трэба пацвердзіць тое, што твор быў створаны яго работнікам пры выкананні ім сваіх працоўных абавязкаў. Для гэтага могуць выкарыстоўвацца такія дакументы, як працоўная дамова (кантракт) з работнікам або яго службовая інструкцыя, якія прадугледжваюць, што стварэнне такіх твораў адносіцца да працоўных абавязкаў работніка, а таксама (пры наяўнасці) заданне наймальніка дадзенаму работніку, якое замацоўвае канкрэтныя патрабаванні і характарыстыкі да стварэння пэўнага службовага твора.
Такім чынам, найбольш эфектыўным спосабам фактычнага пацверджання прыналежнасці выключнага права на твор з'яўляецца рэалізацыя прэзумпцыі аўтарства, а ў выпадку калі праваўладальнік не з'яўляецца аўтарам – рэалізацыя прэзумпцыі аўтарства ў спалучэнні з забеспячэннем магчымасці прасачыць юрыдычны лёс твора з дапамогай адпаведных дакументаў (для службовага твора – працоўная дамова (кантракт) з аўтарам, яго службовая інструкцыя, заданне на стварэнне пэўнага аб'екта аўтарскага права; для неслужбовага твора, права на які перайшлі да асобы па іншай падставе, – дамова ўступкі выключнага права або дакумент, які пацвярджае яго пераход у парадку іншага правапераемства, іншыя дакументы, у тым ліку ў выпадку дамоўнай перадачы выключнага права на службовы твор).
18.04.2024
В.Д. Ільіна (начальнік аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)