Абарона ІУ
У выпадку парушэння выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці (далей - ІУ) заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана грамадзянска-прававая, адміністрацыйна-прававая і крымінальна-прававая адказнасць.
Абарона грамадзянскіх правоў на аб'екты ІУ ажыццяўляецца шляхам падачы іскавай заявы ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, выключнай кампетэнцыяй па разглядзе спрэчак у сферы ІУ валодае судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці. Больш падрабязна азнаёміцца з інфармацыяй аб складзе судовай калегіі і відах грамадзянска-прававых спрэчак, падсудных калегіі, вы можаце на сайце Вярхоўнага Суда.
Адміністрацыйна-прававая адказнасць за парушэнне выключных правоў на аб'екты ІУ прадугледжана арт. 10.15 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па названым артыкуле маюць права складаць службовыя асобы органаў унутраных спраў, органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, мытных органаў. Справы аб адміністрацыйных правапарушэннях па арт. 10.15 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях разглядаюцца аднаасобна суддзёй раённага (гарадскога) суда. У выпадку здзяйснення злачынства на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне прадугледжана крымінальна-прававая адказнасць за парушэнне правоў на аб'екты ІУ (арт. 201 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Адміністрацыйна-прававая адказнасць за нядобрасумленную канкурэнцыю, у тым ліку наўмыснае незаконнае выкарыстанне асобай фiрменнай назвы, якая ёй не належыць, таварнага знака (знака абслугоўвання), геаграфічнага ўказання, уключаючы ўвядзенне ў грамадзянскі абарот тавараў з незаконным выкарыстаннем вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, сродкаў індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту або іх тавараў, прадугледжана арт. 13.33 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па названым артыкуле маюць права складаць службовыя асобы органаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь. Справы аб адміністрацыйных правапарушэннях па арт. 13.33 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях разглядаюцца аднаасобна суддзёй эканамічнага суда вобласці (г. Мінска).
Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана таксама ажыццяўленне мытнымі органамі мер па абароне правоў на аб'екты ІУ пры перамяшчэнні тавараў праз мытную мяжу. Уладальнік выключных правоў на аб'ект ІУ мае права падаць у Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь (далей – ДМК) заяву аб ажыццяўленні мытнымі органамі Рэспублікі Беларусь мер па абароне яго выключных правоў. На падставе прынятага ДМК рашэння па выніках разгляду заявы ўладальніка аб'ект ІУ, у дачыненні да якога будуць ажыццяўляцца меры па абароне, уключаецца ў мытны рэестр аб'ектаў ІУ. Больш падрабязна азнаёміцца з інфармацыяй можна на сайце ДМК.
У мэтах удасканалення дзейнасці па вызначэнні памеру страт у сувязі з парушэннем выключнага права на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці і памеру кампенсацыі за такое парушэнне Загадам Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2021 г. № 122 зацверджаны
Метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні памеру страт у сувязі з парушэннем выключнага права на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці і памеру кампенсацыі за такое парушэнне.