18.10.2023

БЕЛТА

Інтэлектуальная ўласнасць з'яўляецца ключавым элементам ўсіх інавацыйных распрацовак. Пра гэта падчас III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця» заявіў генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) Уладзімір Рабаволаў.


Паводле слоў гендырэктара НЦІУ, у сучасных рэаліях сістэма IP адыгрывае значную ролю ў фарміраванні эканамічна стабільнай і развітой дзяржавы.

«Будучы універсальным інструментам аховы, сістэма IP знаходзіць адлюстраванне ва ўсіх сферах дзейнасці дзяржавы. Варта адзначыць, што інтэлектуальная ўласнасць нябачна суправаджае навукова-тэхнічныя працэсы і з'яўляецца ключавым элементам ўсіх інавацыйных распрацовак. Гэта паказвае на яе цесную ўзаемасувязь з удасканаленнем высокатэхналагічных сектараў эканомікі», – сказаў Уладзімір Рабаволаў.

Ён таксама падкрэсліў, што падобныя навукова-практычныя канферэнцыі дазваляюць своечасова рэагаваць на новыя тэндэнцыі і сумесна вырашаць найбольш значныя пытанні ў сферы інтэлектуальнай уласнасці.

«У рамках работы секцый мы абмяркуем пытанне месца інтэлектуальнай уласнасці ў дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту дзяржавы і трансфармацыі інтэлектуальнай уласнасці ва ўмовах новых выклікаў сучаснасці. Увага будзе нададзена секцыям, прысвечаным абмеркаванню практычных аспектаў прадстаўнікамі IT-кампаній, рэзідэнтамі ПВТ і спецыялістамі, якія сутыкнуліся з праблемнымі пытаннямі ў галіне інтэлектуальнай уласнасці. Думаю, у цяперашніх рэаліях дадзеныя тэмы як ніколі актуальныя і патрабуюць сур'ёзнага абмеркавання. Так, перад удзельнікамі канферэнцыі выступяць кваліфікаваныя эксперты ў сферы IP, а таксама спецыялісты розных абласцей, прама і ўскосна звязаныя з сістэмамі інтэлектуальнай уласнасці», – падсумаваў генеральны дырэктар НЦІУ.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця» праходзіць 18-19 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яе мэтай з'яўляецца аналіз стану, праблем, тэндэнцый развіцця пытанняў інтэлектуальнай уласнасці ў сферы права, эканомікі, дзяржаўнага кіравання, сістэме навукова-тэхнічнай інфармацыі, сацыяльнай і іншых сферах дзейнасці ў Беларусі і за мяжой, а таксама перспектыў развіцця інтэлектуальнай уласнасці ў сучасным свеце.

Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць пытанні прававога рэгулявання інтэлектуальнай уласнасці, прававой аховы і абароны аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, эканамічныя і іншыя аспекты інтэлектуальнай уласнасці.

Па матэрыялах БЕЛТА

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: Уладзімір Воўк
Вверх