23.02.2023

22 лютага 2023 г. на базе Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі адбылася выніковая калегія Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ). Дакладчыкамі выступілі першы намеснік старшыні ДКНТ Андрэй Косаўскі і намеснік старшыні ДКНТ Таццяна Сталярова. У працы калегіі прыняў удзел генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Уладзімір Рабаволаў.

У рамках калегіі было абвешчана аб пачатку падрыхтоўкі комплекснага прагнозу навукова-тэхнічнага прагрэсу Беларусі на 2026-2030 гг. і на перыяд да 2045 г. «Аналагічны праект выконваўся ў 2018-2019 гадах. Падыходы засталіся ранейшымі, але будзе выкарыстаная метадалогія фарсайта. Вынікам будзе так званы праектны даведнік, які змяшчае пералік і рэйтынг з найбольш перспектыўных і эфектыўных праектаў (навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, інавацыйных, інвестыцыйных праектаў). Таксама на базе прагнозу будзе сфарміраваны пералік прыярытэтаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці», – распавёў Старшыня ДКНТ С. Шлычкоў.

Ва ўказаным прагнозе пашыраны пералік напрамкаў – будуць разглядацца 15 галін эканомікі. Усе мерапрыемствы па распрацоўцы прагнозу сінхранізаваныя з распрацоўкай дакументаў на наступныя пяць гадоў – нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, галіновых стратэгій.

Даведачна:
Пад комплексным прагнозам навукова-тэхнічнага прагрэсу (КП НТП) разумеецца навукова абгрунтаванае ўяўленне аб магчымых варыянтах навукова-тэхналагічнага развіцця Беларусі ў сярэднетэрміновым і доўгатэрміновым перыядзе ў кантэксце сусветнага навукова-тэхналагічнага развіцця. КП НТП служыць асновай для вызначэння сістэмы прыярытэтаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне, перспектыўных прарыўных тэхналогій, прадуктовых груп і інавацыйных прадуктаў.

Мэта распрацоўкі КП НТП – забеспячэнне павышэння эфектыўнасці планавання развіцця эканомікі дзяржавы. Аб'екты прагназавання – перспектыўныя інавацыйныя тэхналогіі, прадуктовыя групы, тавары ці паслугі.

Па матэрыялах ДКНТ

Больш навін – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: Freepik
Вверх