03.11.2022

У Стамбуле 2 лістапада 2022 г. пачала сваю працу Міжнародная шматгаліновая выстава «MUSIAD EXPO». Мерапрыемства праводзіцца раз на два гады Асацыяцыяй незалежных прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Турэцкай Рэспублікі пры падтрымцы турэцкага ўрада.

Калектыўны аддзел навукова-тэхнічных распрацовак Рэспублікі Беларусь прадставіў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. Наведвальнікам прэзентуецца 109 распрацовак беларускіх навукоўцаў з 23 навуковых і навукова-вытворчых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, устаноў Міністэрства адукацыі і арганізацый Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам».

У ліку прадстаўленых распрацовак – аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі зварачных працэсаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, лазерныя крышталі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Атрыманыя крышталі з'яўляюцца аднымі з лепшых аналагаў прыродных матэрыялаў у свеце.

Таксама дэманструюцца распрацоўкі Інстытута мяса-малочнай прамысловасці – сухія бактэрыяльныя закваскі для прамысловай вытворчасці рознай малочнай прадукцыі і прадукт малочны сухі з паніжаным утрыманнем бялку для людзей, якія пакутуюць такім захворваннем, як фенілкетанурыя.

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прадставіў кальцый-фасфатныя керамічныя вырабы, атрыманыя метадам 3D-друку, для замяшчэння дэфектаў касцяной тканіны, краніяпластыкі. Керамічныя масы для 3D-друку не патрабуюць злучных рэчываў. Вырабы маюць больш нізкі сабекошт за кошт рацыянальнага падбору складу сыравіннай сумесі і тэмпературна-часавых рэжымаў абпалу.

Прэзентаваныя проціпухлінны сродак «Проспиделонг», фармацэўтычныя субстанцыі і арыгінальны лекавы сродак проціпухліннага дзеяння «Цисплацел». «Проспиделонг» прызначаны для лячэння хворых на рак страўніка з дысемініраванай паразай брушыны, валодае мясцовым пралангаваным проціпухлінным дзеяннем, павышае эфектыўнасць лячэння. У прэпарата няма сусветных аналагаў ні па складзе, ні па спосабе прымянення. Усе субстанцыі распрацаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам і маюць кошт значна ніжэй імпартных аналагаў.

Па матэрыялах ДКНТ

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацыяльных сетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: musiadexpo.com
Вверх