28.04.2023

27 красавіка 2023 г. адбыўся семінар «Жанчына і інтэлектуальная ўласнасць – каталізатар інавацый і творчасці», прысвечаны Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ), Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) пры падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дыскусіі былі прысвечаны ролі жанчын у вынаходніцтве ў сучасным свеце, развіццю прадпрымальніцтва ў Беларусі, дзяржаўнаму стымуляванню прадпрымальніцтва, заснаванага на інавацыях, уплыву інфармацыйна-камунікацыйнага забеспячэння ў сферы інтэлектуальнай уласнасці ў Беларусі і іншых актуальных напрамках.

У сваім прывітанні да ўдзельнікаў семінара Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў адзначыў, што сёння каля 40 працэнтаў навуковага патэнцыялу Беларусі – гэта жанчыны, якія нароўні з мужчынамі ўносяць значны ўклад у беларускую і сусветную навуку.

Генеральны дырэктар НЦІУ Уладзімір Рабаволаў падкрэсліў, што без жаночай інтэлектуальнай творчасці сёння немагчыма ўявіць развіццё інавацый. Жанчыны ўнеслі свой уклад у стварэнне такіх глабальных вынаходак сучаснасці, як сотавая сувязь, Wi-Fi і кампутары. Жанчынай была напісана першая мова праграмавання. І ў Беларусі роля жанчын у інтэлектуальнай творчасці і інавацыях таксама вялікая. Даклады ўдзельніц цяперашняга семінара – яркае таму пацвярджэнне.

Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, эксперты САІУ, а таксама прадстаўнікі профільных недзяржаўных арганізацый.

У ходзе мерапрыемства ад Еўразійскай патэнтнай арганізацыі ва ўстанову адукацыі «Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі» быў перададзены Модульны набор трык для правядзення ўрокаў тэхналогій у школах.

Таксама на мерапрыемстве адбылося падпісанне пагаднення аб стварэнні Цэнтра падтрымкі тэхналогій і інавацый трэцяга ўзроўню на базе таварыства з абмежаванай адказнасцю «Тэхнапарк «Горкі».

Традыцыйна да Міжнароднага дня інтэлектуальнай уласнасці прайшла цырымонія ўзнагароджання работнікаў НЦІУ.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: Лізавета Кажадуб
Вверх