26.06.2023

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў XXIX Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў.

«Маштабнасць мерапрыемства выяўляецца ў велізарнай цікавасці з боку выпускнікоў, магістрантаў, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, а таксама іх навуковых кіраўнікоў. Вынікам карпатлівай працы конкурснай камісіі стала вызначэнне лепшых і прысваенне звання лаўрэата аўтарам навуковых прац», – адзначыў у прывітанні Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Сяргей Шлычкоў.

С. Шлычкоў заклікаў усіх удзельнікаў конкурсу не спыняцца на дасягнутым, ставіць перад сабой максімальныя мэты. «Толькі праз карпатлівую працу ў канкурэнтным асяроддзі можна дамагчыся поспеху і прызнання. Будзьце ўпэўненыя, ваша мэтанакіраванасць, талент абавязкова будуць запатрабаваныя ў нашай краіне», – падкрэсліў Старшыня ДКНТ.

У конкурсе прынялі ўдзел студэнты і выпускнікі 54 устаноў вышэйшай адукацыі (уключаючы філіялы), якія прадставілі 3067 навуковых прац. Званне лаўрэата прысвоена аўтарам 54 навуковых прац.

На сённяшні дзень вынікі больш за 90 % конкурсных работ ужо апублікаваныя, дакладваліся на канферэнцыях, укаранёны ў адукацыйны працэс і вытворчасць.

Усяго ўдзельнікамі конкурсу апублікавана 8847 артыкулаў і 5217 тэзісаў дакладаў, укаранёны ў вытворчасць і навучальны працэс 5163 распрацоўкі, атрымана 75 дакументаў інтэлектуальнай уласнасці (патэнты, заяўкі на выдачу патэнта, рацыяналізатарскія прапановы).

Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў праводзіцца ў мэтах стварэння арганізацыйных і эканамічных умоў для раскрыцця творчых здольнасцяў студэнцкай моладзі, захавання і папаўнення на гэтай аснове інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі, актывізацыі навуковай працы студэнтаў.

Па матэрыялах ДКНТ

Больш навін – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).

Фота: БДЭУ


Вверх