27.01.2022

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Сяргей Шлычкоў прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню беларускай навукі і 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі.

«Сімвалічна, што літаральна ўчора ў Палацы Рэспублікі адбылася сустрэча Кіраўніка дзяржавы з бачнымі дзеячамі навукі, на якой разглядалася шырокае кола пытанняў – ад імпартазамяшчэння і развіцця экспарту да шырокага ўкаранення навуковых распрацовак у рэальны сектар эканомікі. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што «веды і тэхналогіі абнаўляюцца імкліва. Хто ў гэтай гонцы прайграе – рызыкуе страціць усё, у тым ліку і краіну». Таму перспектывы развіцця Беларусі напрамую залежаць ад рэалізацыі яе інтэлектуальнага патэнцыялу, ад эфектыўнай інавацыйнай дзейнасці», – падкрэсліў Старшыня ДКНТ.

С. Шлычкоў таксама адзначыў, што ў 2021 г. умацаваліся пазіцыі Рэспублікі Беларусь у Глабальным індэксе інавацый. Наша краіна заняла 62-е месца з 132 дзяржаў, пры гэтым па шэрагу індэксаў, якія складаюць рэйтынг, якія непасрэдна звязаны з інтэлектуальным патэнцыялам, пазіцыі Рэспублікі яшчэ вышэй: па субіндэксе «чалавечы капітал і даследаванні» – 38-е месца ў свеце; па субіндэксе «веды і тэхналагічны выхад» – 37-е месца ў свеце; па паказчыку «падрыхтоўка спецыялістаў у галіне навукі і тэхнікі» Беларусь займае 11-е месца ў свеце.

Па матэрыялах ДКНТ.


Фото: ДКНТ
Вверх