16.06.2023

13-14 чэрвеня 2023 г. у старадаўнім горадзе Нясвіжы на тэрыторыі палацава-замкавага комплексу прайшоў рэгіянальны семінар «Інтэлектуальная ўласнасць – ключавы фактар інтэграцыі на еўразійскай прасторы». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Еўразійскае патэнтнае ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ), Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці.

Акрамя кіраўнікоў і прадстаўнікоў замежных ведамстваў інтэлектуальнай уласнасці еўразійскай прасторы ў семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў і іншых дзяржаўных арганізацый краін рэгіёну, экспертная супольнасць. Усяго ў вочным фармаце і анлайн-рэжыме больш за 150 удзельнікаў з васьмі краін.

Пачаў сваю працу рэгіянальны семінар з урачыстай часткі, дзе ў адрас удзельнікаў з прывітальным словам звярнуліся Старшыня ДКНТ Сяргей Шлычкоў, прэзідэнт Еўразійскага патэнтнага ведамства Рыгор Іўліеў, старшыня Камітэта Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры, прадстаўнік ад выканаўчага органа дзяржаўнай улады Рэспублікі Башкартастан, член Савета па пытаннях інтэлектуальнай уласнасці пры старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Лілія Гумерава і іншыя.

Прыемнай падзеяй стала цырымонія ўзнагароджання залатымі медалямі імя В.І.Бліннікава «За ўклад у вынаходніцкую і патэнтную справу» і нагруднымі знакамі адрознення НЦІУ «За заслугі».

Двухдзённая праграма мерапрыемства ўключыла ў сябе 3 секцыі – «Інтэграцыя ў сферы інтэлектуальнай уласнасці ў рамках еўразійскай прасторы», «Функцыянаванне сістэмы інтэлектуальнай уласнасці ва ўмовах сучасных выклікаў», «Пытанні кіравання ІУ на тэрыторыі еўразійскай прасторы. Практычныя пытанні».

Беларускі і расійскі бакі на пляцоўцы мерапрыемства правялі шэраг рабочых сустрэч. У прыватнасці, адбыліся перамовы па пытаннях прававой аховы геаграфічных указанняў і найменняў месцаў паходжання тавараў, а таксама па пытаннях падтрымкі вынаходніцтва і рацыяналізатарства.

У рамках семінара было падпісана Пагадненне аб стварэнні Цэнтра падтрымкі тэхналогій і інавацый (ЦПТІ) на базе дзяржаўнага прадпрыемства «Мінскі абласны тэхнапарк». Гэта ўжо 28 ЦПТІ, створаны на тэрыторыі краіны.

У ходзе семінара ўдзельнікі і госці маглі азнаёміцца з новымі распрацоўкамі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні на разгорнутай выставе «Беларусь інтэлектуальная на варце харчовай бяспекі краіны».

Інфармацыйную падтрымку мерапрыемству аказалі вядучыя рэспубліканскія і рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ

Вверх