02.03.2024

Яўген Аляксандравіч Карманаў нарадзіўся 2 сакавіка 1935 г. у Аляксандраўску-Сахалінскім на востраве Сахалін. Падчас Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і быў напраўлены з дзіцячага дома на вучобу ў Курскае сувораўскае ваеннае вучылішча, дзе правучыўся дзесяць гадоў, займаўся боксам. Скончыў Ленінградскі ваенны інстытут фізкультуры і спорту (1960), потым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1967). Я. Карманаў – вучань знакамітага беларускага мастака-манументаліста Аляксандра Кішчанкі.

Я. Карманаў працаваў у манументальна-дэкаратыўным напрамку мастацтва і станковым жывапісе. Дыпломная праца – эскізны праект мастацкага афармлення кафэ «Алеся». Асноўныя творы: керамічныя пласты «Ганчар» (1967), «Музыка», мастацкае афармленне комплексу рэстарана і кафэ «Журавінка» (1968), роспіс «Жыццё Радзіме, гонар нікому», карціны «Беларусь – песня мая», «Брэст. 1941 год», «Зімовы пейзаж», «Дзяцінства, апаленае вайной» і інш.

З 1965 г. прымаў актыўны ўдзел у шматлікіх рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставах, сярод якіх вылучаюцца персанальныя выставы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Парыжы, Каракасе (Венесуэла), Сан-Францыска, Далласе (ЗША), Ольдэнзаале (Нідэрланды), Хайфе (Ізраіль) і інш.

Творчая спадчына Яўгена Аляксандравіча Карманава выстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музее Беларусі, Музее сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім музее Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў. Некаторыя з яго работ знаходзяцца ў прыватных калекцыях Аўстрыі, Балгарыі, Венесуэлы, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Францыі, Швецыі і інш.

Па матэрыялах Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ

Вверх