23.02.2023

Антон Нічыпаравіч Сеўчанка нарадзіўся 22 лютага 1903 г. у в. Дзяніскавічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў пачатковай і двухгадовай земскіх школах. Пасля заканчэння Рагачоўскага педагагічнага тэхнікума (1926 г.) працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі. Па заканчэнні ў 1932 г. фізіка-тэхнічнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, накіраваны ў аспірантуру пры фізічным інстытуце Акадэміі навук СССР (Ленінград).

З 1934 г. пад кіраўніцтвам акадэміка С. І. Вавілава пачаў працу ў лабараторыі пры Дзяржаўным аптычным інстытуце Народнага камісарыята ўзбраенняў. Асноўным напрамкам даследаванняў вучонага сталі пытанні люмінесцэнцыі арганічных і неарганічных рэчываў, якія ляглі ў аснову кандыдацкай дысертацыі, абароненай у 1937 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны распрацоўваў і ўкараняў у вытворчасць метады светамаскіроўки і люмінесцэнтнага асвятлення шкал ваенных аптычных прыбораў. У 1952 г. абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную люмінесцэнцыі і уранавым злучэнням.

У 1953 г. А. Сеўчанка запрасілі на працу ў Мінск, дзе ён узначаліў сектар фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхнічнага інстытута, быў абраны акадэмікам АН БССР. Пасля стварэння Інстытута фізікі і матэматыкі АН БССР (1955 г.) прызначаны яго дырэктарам. Адначасова выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук Акадэміі навук БССР, узначальваў кафедру фізічнай оптыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, а з 1957 г. быў зацверджаны яго рэктарам. Шмат намаганняў А. Сеўчанка прыклаў для арганізацыі пры ўніверсітэце Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем, які ўзначальваў у 1972-1978 гг. Кіраваў даследаваннямі спектральных і люмінесцэнтных метадаў вывучэння рэчывы, працамі па сінтэзе новых вадкакрысталічных рэчываў, галаграфіі, фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў.

Антон Сеўчанка – аўтар больш за 230 навуковых прац. Вялікую ўвагу вучоны надаваў практычнаму выкарыстанню вынікаў навуковых распрацовак. Сумесна з вучнямі ім створаны высокаадчувальныя метады вызначэння ўрану, плаціны і шэрагу рэдказямельных элементаў, унікальныя электронныя інфармацыйна-вымяральныя прылады і інш. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 10 доктарскіх і больш за 40 кандыдацкіх дысертацый. Сярод вучняў – акадэмікі і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэаты дзяржаўных прэмій.

Яго імя носіць навукова-даследчы інстытут прыкладных фізічных праблем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама заснаваная прэмія імя А. Н. Сеўчанкі, якой адзначаюць дасягненні вучоных у галіне натуральных і тэхнічных навук.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: bis.nlb.by/by/news
Вверх