20.01.2024

Анатоль Мікалаевіч Зэкаў нарадзіўся 20 студзеня 1955 г. у в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1977 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыі Гомельскай раённай газеты «Маяк», затым – у Гомельскім райкаме камсамола загадчыкам аргкамітэта, другім сакратаром. У 1991 г. завочна скончыў Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання Камуністычнай партыі Беларусі.

З 1985 г. А. Зэкаў працаваў у рэдакцыі маладзёжнай газеты «Чырвоная змена». Затым узначальваў мінскую гарадскую газету «Добры вечар» (1990-1996) і штотыднёвік «Сталіца», працаваў у газеце «Кніга і мы» (1996-1997), быў галоўным рэдактарам «Беларускай лясной газеты» (1997-2002), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» (2002-2005), рэдактарам аддзела прозы – членам рэдкалегіі часопіса «Полымя» (2006-2009). З 1994 г. – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працаваў тэлевядучым на канале «Беларусь 3» у штотыднёвай літаратурнай праграме «Дыя@блог P.S.». З’яўляецца аўтарам выдавецтва «Народная асвета».

Першы верш апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» у 1969 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Боль сумлення» (1989), «Зона кахання» (2003), «Чарнобыльскі вецер» (2006), «Промнік позірку твайго» (2008) і інш. Асноўныя тэмы паэзіі – разважанні аб праблемах, якія жыццё ставіць перад чалавекам і чалавецтвам, аб вечных праблемах дабра і зла, любові і нянавісці.

Сучаснай трактоўкай тэм і вобразнасцю вызначаюцца байкі «Сабачы брэх», «Крот і мышы», «Пчолы і труцень», «Мядзведзь і размеркаванне», «Непаслухмяны конь», «Паўлін і певень» і інш. Дэбютам у прозе стала кніга «Вясельнае падарожжа ў Стамбул» (2000).

Таксама Анатоль Мікалаевіч стварыў шмат кніг для дзяцей: «Чатыры зярняткі», «Не казкі пра Сашку», «Зязюля Гулюля» і інш. У гэтых кнігах, адрасаваных юным чытачам, ён паказаў сябе такім жа майстрам, удумлівым, лаканічным, дасціпным і сучасным.

Песні на творы А. Зэкава выконвалі многія беларускія спевакі, у тым ліку Я. Навуменка, А. Ярмоленка і інш.

Вершы Анатоля Зэкава перакладзены на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі. Ён з’яўляецца аўтарам тэкстаў гімнаў лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Буда-Кашалёўскага агратэхнічнага каледжа.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ

Вверх