22.12.2023

Марына Дзмітрыеўна Троіцкая нарадзілася 22 снежня 1913 г. у Мінску. Пасля заканчэння драматычных курсаў пры Беларускім тэхнікуме сцэнічнага мастацтва ў Мінску працавала ў Вандроўным тэатры імя Дзяржынскага (1931), у Беларускім тэатры імя Я. Купалы (1932-1949).

У 1949 г. Марына Дзмітрыеўна Троіцкая прыйшла на Беларускае радыё, дзе працавала ў якасці тонмайстра (1949-1957), рэжысёра літаратурна-драматычнага вяшчання (1957-1963), галоўнага рэжысёра (1964-1974). За 25 гадоў працы на радыё яна паставіла больш за 30 радыёспектакляў, сярод якіх былі спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў: «Зорка Венера» Б. Бур'яна і І. Нісневіча (1960), «Збянтэжаны Саўка» Л. Родзевіча і «Вераснёвыя ночы» К. Чорнага (1963), «Навальніца над полем» («Людзі на балоце») І. Мележа і «Бацькаўшчына» К. Чорнага (1966), «Сэрца на далоні» І. Шамякіна (1967), «Вяртанне ў маладосць» («Гарадок Устронь», «На парозе будучыні») М. Лобана (1968), «Круты бераг ракі» В. Быкава (1973), «Новая зямля» па паэме Я. Коласа (1976) і інш.

Марына Дзмітрыеўна Троіцкая – аўтар запісаў майстроў беларускай сцэны, літаратурных і музычных кампазіцый, віктарын, часопісаў, буйных і малых радыёпастановачных форм, лепшыя з якіх захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Уладальніца ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры Беларусі» (1971).

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ

Вверх