11.04.2023

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) падняўся на 43 пазіцыі ў рэйтынгу Quacquarelli Symonds (QS) у прыродазнаўча-навуковай галіне.

У канцы сакавіка брытанскае рэйтынгавае агенцтва Quacquarelli Symonds апублікавала прадметныя рэйтынгі ўніверсітэтаў свету па 54 навуковых кірунках у пяці галінах.

БДУ – адзіная ВНУ з Беларусі, прадстаўленая ў прадметных рэйтынгах QS. Універсітэт захаваў леташнія паказчыкі ў групе 351-400 у галіне «Фізіка і астраномія» і на 43 пазіцыі падняўся ў прыродазнаўча-навуковай галіне, заняўшы 341 месца. Акрамя таго, ВНУ ўпершыню ўвайшла ў два новыя прадметныя рэйтынгі. Па галіне інжынерыі і тэхналогіі яна ранжыравана ў групе ВНУ з пазіцыямі 401-450, а па прадмеце «Кампутарныя навукі і інфармацыйныя сістэмы» размясцілася сярод ВНУ ў групе 651-680.

У аснову методыкі прадметнага рэйтынгу QS пакладзена чатыры крытэрыі. Гэта рэпутацыя ВНУ па выніках апытання міжнародных акадэмічных экспертаў і працадаўцаў, сярэдняя колькасць цытавання навуковых публікацый за пяцігадовы перыяд і індэкс Хірша ВНУ ў дадзенай навуковай вобласці. Рост пазіцый БДУ і ўваходжанне ў новыя ранжыраваныя сістэмы адбыліся з-за паляпшэння ацэнкі працадаўцаў і акадэмічных экспертаў. БДУ атрымаў 68 балаў са 100, што пацвярджае якасць беларускай адукацыі і прызнанне яе ва ўсім свеце.

У кожным з навуковых напрамкаў QS ранжыруецца да 3000 ВНУ, але у рэйтынгавай табліцы паказваюць толькі каля 700 наймацнейшых універсітэтаў. У версіі 2023 г. сумарна ацэнены 1594 ВНУ з 161 краіны. Усяго ў свеце налічваецца больш за 30 000 ВНУ.

Па матэрыялах БДУ

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: Pexels
Вверх