24.07.2023

Уладзімір Ткачэнка нарадзіўся ў 1953 г., вучыўся ў Віцебскай музычнай школе № 1 па класе скрыпкі. Скончыў музычнае вучылішча, Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. У 1977 г. пасля заканчэння кансерваторыі быў запрошаны на працу ў ансамбль «Песняры» ў якасці гітарыста і скрыпача. У складзе «Песняроў» прапрацаваў да 1985 г. Затым працаваў у ансамблі, дзе сабраліся адны з лепшых музыкаў Мінска, ён выступаў у рэстаране «Каменная кветка». У 1986-1990 гг. Уладзімір Ткачэнка выкладаў гітару ў Мінскім інстытуце культуры. У гэты ж час працаваў гітарыстам і аранжыроўшчыкам у Дзяржаўным канцэртным аркестры Рэспублікі Беларусь імя М.Я. Фінберга, для якога зрабіў каля 1000 аранжыровак. Акрамя гэтага, выканаў аранжыроўкі і запісы двух мюзіклаў «Мэры Попінс» і «Папялушка». Гітарыст, аўтар мноства п'ес, а таксама перакладанняў, апрацовак для гітары ў тэхніцы touch style (або тэпінг).

У 1996 г. Уладзіміру Ткачэнку было прысвоена званне заслужанага артыста Беларусі. Ён з'яўляецца аўтарам шматлікіх твораў буйной формы. Гэта сімфоніі «Бітлз» (1996), «Песняры» (1999), джазавая сюіта ў трох частках на беларускія тэмы (1986), Samba Israel па матывах яўрэйскай народнай песні (1987), джазавая кампазіцыя Smoke on the Water па матывах аднайменнай кампазіцыі Deep Purple (1988), фантазія для камернага аркестра «Белая Русь» (2003).

З базы дадзеных Магілёўскай абласной бібліятэкі

Больш навін – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).

Фота: websmi.by


Вверх