12.11.2022

Сямён Эмануілавіч Хайкін нарадзіўся ў Мінску ў сям'і педагогаў 8(21) жніўня 1901 г. У 1918 г. скончыў вучылішча і ў той жа год паступіў на навучанне ў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча (МВТУ), адначасова на Вышэйшыя электратэхнічныя курсы. У 1928 г. скончыў фізічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (МДУ).

У 1930 г. С. Хайкін пачаў сваю навуковую і педагагічную дзейнасць, працуючы асістэнтам, дацэнтам і пасля загадчыкам кафедры ваганняў (1935-1938 гг.), агульнай фізікі (1938-1946 гг.), кіраваў лабараторыяй па распрацоўцы фазавай радыёлакацыі і радыёнавігацыі. Паралельна ў 1930-1931 гг. займаў пасаду вучонага сакратара, у 1931-1933 гг. – намеснік дырэктара Інстытута фізікі МДУ, у 1934-1937 гг. – дэкан фізічнага факультэта.

У 1947 г. С.Э. Хайкін узначаліў экспедыцыю Акадэміі навук СССР у Бразілію, дзе ўпершыню ў свеце былі праведзены назіранні поўнага зацьмення Сонца ў радыёдыяпазоне. Яны паказалі, што радыёвыпраменьванне ў метровым дыяпазоне хваль зыходзіць з сонечнай кароны.

Хайкін Сямён Эмануілавіч быў не толькі буйным навукоўцам, але і таленавітым педагогам, які выхаваў цэлае пакаленне савецкіх фізікаў і інжынераў. Ён праводзіў вялікую навукова-арганізатарскую і педагагічную працу: чытаў лекцыі на фізфаку МДУ, у Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце, Маскоўскім інстытуце інжынераў сувязі, быў адным з ініцыятараў правядзення школьных алімпіяд.

С.Э. Хайкін з'яўляўся старшынёй Камісіі радыёастраноміі Астранамічнага савета АН СССР, быў членам рэдкалегіі часопісаў «Радыётэхніка», «Астранамічны часопіс» і інш. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1953 г.). У 1965 г. за выбітныя працы ў галіне радыёфізікі і радыёастраноміі Прэзідыум АН СССР уганараваў С.Э. Хайкіна Залатога медаля імя А.С. Папова.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацыяльных сетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ
Вверх