29.10.2022

Аляксандр Іванавіч Садоўскі нарадзіўся 24 лістапада (6 снежня) 1859 г. у Віцебску ў сям'і вайскоўца. У 1881 г. скончыў матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта і пасля заканчэння быў пакінуты пры ім для падрыхтоўкі да атрымання прафесарскага звання. Выкладаў фізіку ў вышэйшых навучальных установах Пецярбурга.

Першыя навуковыя даследаванні А.І. Садоўскі прысвяціў вывучэнню электрамагнітных уласцівасцяў розных рэчываў. Эксперыментальна даказаў анамальныя паводзіны вісмута ў магнітным полі. Вынікі гэтых даследаванняў выклаў у магістарскай дысертацыі, якую абараніў у 1894 г.

У 1898 г. прадставіў на суісканне вучонай ступені доктара фізіка-матэматычных навук дысертацыю на тэму «Пандэраматорныя дзеянні электрамагнітных і светлавых хваль на крышталі», у якой упершыню тэарэтычна абгрунтаваў аварочвальнае дзеянне светлавых хваль, якія падаюць на крышталі (эфект Садоўскага), вылічыў аварочвальныя моманты, даказаў магчымасць непасрэднага пераўтварэння светлавой энергіі ў механічную. Тэарэтычнымі разлікамі А.І. Садоўскі даказаў, што цыркулярна палярызаванае святло аказвае закручваючае дзеянне.

У 1905 г. А.І. Садоўскі – дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Юр'еўскага ўніверсітэта, у 1906-1907 гг. – прарэктар універсітэта. Надаваў вялікую ўвагу ўдасканаленню методыкі выкладання фізікі. Акрамя агульнай фізікі чытаў тэарэтычныя курсы па электрычнасці, магнетызму, тэорыі цяпла, оптыцы, тэрмадынаміцы. Ён увёў у навучальныя праграмы, разам з практыкай, лабараторныя заняткі і калёквіум.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.


Фота: ru.wikipedia.org
Вверх