24.12.2022

Сяргей Мікалаевіч Вышалескі нарадзіўся 1 лістапада 1874 г. у мястэчку Обаль Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер – г. п. Обаль Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці). Скончыўшы Бранскую гімназію і Віцебскую духоўную семінарыю, паступіў у Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Па заканчэнні Варшаўскага ветэрынарнага інстытута ў 1899 г. амаль сем гадоў працаваў практычным ветэрынарам Чэрыкаўскага павета ў Магілёўскай губерні. У пачатку 1906 г. яго запрасілі ў Санкт-Пецярбург на навуковую працу ў якасці пазаштатнага асістэнта Пецярбургскай ветэрынарна-бактэрыялагічнай лабараторыі ветэрынарнага ўпраўлення МУС, дзе С. М. Вышалескі прапрацаваў больш за восем гадоў.

Навуковыя адкрыцці, зробленыя С. М. Вышалескім і яго вучнямі, былі выкарыстаныя пры распрацоўцы цяпер дзеючых інструкцый па ліквідацыі інфекцыйных хвароб. Як сапраўдны член Акадэміі навук БССР, С. М. Вышалескі не парываў сувязяў з Акадэміяй да канца жыцця. У даваенныя і пасляваенныя гады неаднаразова прыязджаў у Мінск, прымаў удзел у абмеркаванні надзённых праблем развіцця ветэрынарнай навукі і практыкі па барацьбе з інфекцыйнымі хваробамі жывёл.

С. М. Вышалескі па праве лічыцца заснавальнікам айчыннай эпізааталогіі. Апублікаваў больш за 150 навуковых прац, з іх 8 манаграфій. Асобныя кнігі перакладзены на замежныя мовы. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана больш за 50 дактароў і кандыдатаў навук.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках ( Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: csl.bas-net.by/
Вверх