17.04.2020

Штогод 26 красавіка ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці, які дазваляе расказаць шырокай грамадскасці пра тое, як правы інтэлектуальнай уласнасці (ІС) спрыяюць развіццю інавацый і творчасці.

26 красавіка стаў Міжнародным днём інтэлектуальнай уласнасці па рашэнні Генеральнай Асамблеі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ).

САІУ, у сваю чаргу, з'яўляецца найстарэйшай міжнароднай арганізацыяй у галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці. Фактычна яна ўтварылася на дыпламатычнай канферэнцыі ў 1893 годзе. У 1967 годзе ў Стакгольме была падпісана Канвенцыя, якая заснавала САІУ. Штаб-кватэра размясцілася ў Жэневе (Швейцарыя). У 1974 годзе САІУ стала спецыялізаванай установай ААН.

У цяперашні час членамі САІУ з'яўляюцца 193 дзяржавы. Гэта больш за 90 % краін свету.

Рэспубліка Беларусь стала членам САІУ 26 красавіка 1970 года. Прававая аснова ўзаемадзеяння нашай дзяржавы з міжнароднай арганізацыяй была закладзена ў снежні 2000 года падпісаннем Праграмы супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і САІУ.

У 2003 і 2007 гадах адбыліся сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з Генеральным дырэктарам САІУ. К. Ідрысам (у рамках яго афіцыйных візітаў у Рэспубліку Беларусь), вынікам якіх стала пашырэнне супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй.

На сённяшні дзень супрацоўніцтва з САІУ рэгламентуецца таксама Мемарандумам аб узаемаразуменні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і САІУ, Пратаколам аб супрацоўніцтве паміж САІУ і Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) па падрыхтоўцы кадраў у галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама Сумеснай дэкларацыяй аб дзейнасці па ўмацаванню сістэмы інтэлектуальнай уласнасці і развіццю інавацый у Рэспубліцы Беларусь.

3-5 чэрвеня 2019 года адбыўся афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Генеральнага дырэктара САІУ спадара Фрэнсіса Гары, які неаднаразова станоўча ацэньваў намаганні Рэспублікі Беларусь па развіцці нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці і яе дзейнасць у гэтай сферы на міжнародным узроўні.

Мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню Міжнароднага дня інтэлектуальнай уласнасці, праводзяцца ў Беларусі штогод у фармаце семінараў, форумаў і канферэнцый.

І ў гэтым годзе ў межах тыдня інтэлектуальнай уласнасці ў НЦІУ 22 красавіка адбудзецца вэбінар па актуальных пытаннях развіцця сістэмы інтэлектуальнай уласнасці. З улікам неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі, якая склалася на сённяшні дзень, НЦІУ было прынята рашэнне правесці мерапрыемства ў фармаце анлайн-канферэнцыі – вэбінара.

Акрамя таго, 23 красавіка эксперты НЦІУ прымуць удзел у круглым стале на тэму «Удасканаленне палажэнняў Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб інтэлектуальнай уласнасці», што арганізуецца Пастаяннай камісіяй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву, які таксама будзе праведзены ў анлайн-рэжыме.

У 2020 годзе кампанія САІУ ў гонар Міжнароднага дня інтэлектуальнай уласнасці прысвечана ключавой ролі інавацый і інтэлектуальнай уласнасці ў забеспячэнні «зялёнай» будучыні.

Пераход да «зялёнай» эканомікі на нацыянальным узроўні павінен ажыццяўляцца з улікам сацыяльна-эканамічных, экалагічных, культурных і іншых асаблівасцяў кожнай з краін. Інтэлектуальная ўласнасць з'яўляецца адным з ключавых інструментаў у рэалізацыі ідэй «зялёнай будучыні». Менавіта вынаходства, прамысловыя ўзоры, таварныя знакі, творы навукі, літаратуры і мастацтва і іншыя аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, у якіх ўвасабляюцца ідэі чалавечага генія, спрыяюць прасоўванню інавацыйных рашэнняў, новых высокатэхналагічных і якасных тавараў, развіццю музычнай індустрыі, мастацкай творчасці і тым самым вызначаюць аблічча навакольнага свету, робяць наша жыццё сучасным і разнастайным.

Вверх