27.05.2023

Абрам Аркадзьевіч Турэўскі нарадзіўся 27 мая 1923 г. ва ўкраінскім горадзе Прылукі. У 1941 г. скончыў сярэднюю школу і да апошніх месяцаў Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў радах Савецкай арміі. У 1942 г. скончыў Харкаўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча сувязі. Удзельнічаў у баях на 2-м Прыбалтыйскім і 3-м Беларускім франтах. З 1946 г. А. Турэўскі працаваў на вытворчасці начальнікам майстэрняў гарпрамкамбіната              г. Львова. У 1952 г. з адзнакай скончыў Львоўскі зоаветэрынарны інстытут, актыўна займаўся навуковай працай. З 1952 г. Абрам Турэўскі працаваў ветурачом Бобрынскага раёна Львоўскай вобласці.

У 1956 г. паступіў у аспірантуру пры кафедры гісталогіі Львоўскага зоаветэрынарнага інстытута. Датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Марфалогія і гістахімія малочнай залозы буйной рагатай жывёлы ў сувязі з прадуктыўнасцю» і з 1959 г. працаваў асістэнтам кафедры гісталогіі гэтага інстытута. У 1963 г. А. Турэўскаму было прысвоена вучонае званне дацэнта. Неўзабаве паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю «Структурныя і гістахімічныя асновы функцыянальнай дзейнасці перадстраўнікаў буйной рагатай жывёлы ў антагенезе», і ў снежні 1964 г. яму была прысуджана вучоная ступень доктара біялагічных навук. У кастрычніку 1966 г. А. Турэўскі быў зацверджаны ў вучоным званні прафесара па спецыяльнасці гісталогіі і эмбрыялогіі. 2 жніўня 1967 г. А.А. Турэўскі залічаны на пасаду загадчыка кафедры гісталогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, якой кіраваў 30 гадоў.

Пад кіраўніцтвам прафесара Абрама Аркадзьевіча Турэўскага абаронены 3 доктарскія дысертацыі, 10 кандыдацкіх дысертацый, апублікавана больш за 170 навуковых прац, атрымана 3 патэнта на вынаходніцтвы, 22 рацпрапановы.

На працягу многіх гадоў Абрам Аркадзьевіч быў старшынёй абласнога навуковага таварыства анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў, членам Навуковага савета Акадэміі навук БССР, членам праўлення Усесаюзнага і Рэспубліканскага навуковага таварыства АГЭ (анатамаў, гістолагаў, эмбрыёлагаў).

Узнагароджаны медалём «За ўзяцце Кенігсберга», ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. У 1984 г. за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць узнагароджаны медалём «Ветэран працы».

Па матэрыялах Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: grsmu.by/
Вверх