28.10.2019

У развіццё конкурсу сацыяльнай рэкламы «Інтэлектуальная ўласнасць: РАБІ, ВЫНАХОДЗЬ, УВАСАБЛЯЙ»адбылося абмеркаванне тэмы «Стварэнне твораў штучным інтэлектам» у фармаце інтэлектуальнага бою Intellectual Property Battle (IP-Battle).

25 кастрычніка на факультэце журналістыкі БДУ будучыя журналісты, эканамісты, юрысты і філолагі разам з экспертамі разгледзелі актуальныя пытанні, якія тычацца прадастаўлення правоў на прадукты, створаныя з дапамогай сістэм штучнага інтэлекту.

Бакі прыводзілі аргументы на карысць двух процілеглых пунктаў гледжання: за прадастаўленне аўтарскіх правоў распрацоўнікам сістэм штучнага інтэлекту альбо за прадастаўленне такіх правоў самім сістэмам штучнага інтэлекту.

У якасці экспертаў, якія ацэньвалі аргументы студэнтаў у інтэлектуальным баі, прынялі ўдзел:

дацэнт кафедры тэхналогій камунікацый і сувязяў з грамадскасцю факультэта журналістыкі БДУ Юлія Явінская, дацэнт кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ Дыяна Іванова, дацэнт кафедры фінансавага права і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці юрыдычнага факультэта Валерый Сідарчук, старшы выкладчык кафедры прававых і гуманітарных дысцыплін Інстытута бізнесу БДУ Дыяна Урганова; кіраўнік дэпартамента інавацыйных праектаў асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» Валянціна Дыніч, выканаўчы дырэктар асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» Ніна Каліта; кіраўнік маркетынгу і распрацоўкі медыяпрадуктаў А1 (Voka) Віталь Вінаградаў, крэатыўны дырэктар прафесійнага конкурсу ў сферы маркетынгу і брэндынгу «Брэнд года» Марына Чэчкоўская.

Мадэратарам мерапрыемства выступіла вядучы спецыяліст упраўлення права і міжнародных дагавораў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Кацярына Янцікава.

Ні для каго не сакрэт, наколькі запатрабаванымі становяцца работы, створаныя з дапамогай «разумных» кампутарных праграм: музыка, вершы, фатаграфіі, карціны. Таму актуальна пазіцыя аб неабходнасці абароны інвестыцый, якія ўкладаюцца ў распрацоўку сістэм штучнага інтэлекту як інтэлектуальнай уласнасці.

Дыскусія пачалася з прэзентацыі каманды студэнтаў юрыдычнага факультэта ў абарону пазіцыі аб немагчымасці аднясення сістэм штучнага інтэлекту да суб'ектаў аўтарскага права. Вікторыя Шадрына з камандай прывялі важкія аргументы аб тым, што штучны інтэлект не можа валодаць правасуб'ектнасцю, ён толькі інструмент творчай працы чалавека. Прызнанне штучнага інтэлекту суб'ектам аўтарскага права можа прывесці да канфлікту інтарэсаў. Выснова, якую зрабіла каманда юрфака, кажа аб эканамічнай нявыгаднасці надзялення штучнага інтэлекту аўтарскімі правамі ў дачыненні да вынікаў, створаных з яго дапамогай.


У далейшым студэнты спрабавалі разабрацца ў пытаннях: што ж такое інтэлект; ці з'яўляецца паняцце «штучны інтэлект» умоўным; вынікі працы сістэм штучнага інтэлекту, сферы іх прымянення.

Другім блокам абмяркоўвалася сутнасць творчасці, творчай дзейнасці, магчымасць аднясення работ, згенераваных штучным інтэлектам, да творчых.

У завяршэнне вызначалася мэтазгоднасць прадастаўлення маёмасных правоў стваральнікам альбо карыстальнікам сістэм штучнага інтэлекту.

Вынікам IP-Battle стала меркаванне большасці прысутных аб неабходнасці прававога рэгулявання выкарыстання работ, створаных з дапамогай сістэм штучнага інтэлекту, а таксама прадастаўлення маёмасных правоў яго стваральнікам і карыстальнікам.

Вверх