03.09.2022

Кандыдат тэхнічных навук, вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі і дыскрэтнай матэматыкі.

Даніла Андрэевіч Гарадзецкі нарадзіўся 13 лістапада 1983 г. у Мінску. Скончыў сярэднюю школу № 55 г. Мінска, у 2006 г. – механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ); у 2007 г. – магістратуру, у 2010 г. - аспірантуру БДУ.

Галіна навуковых інтарэсаў – мадулярная арыфметыка (паралельная апрацоўка інфармацыі), тэорыя булевых функцый (дыскрэтная матэматыка).
У 2011 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата тэхнічных навук па тэме «Матэматычныя мадэлі і метады сінтэзу вылічальных прылад мадулярнай арыфметыкі». Работа была накіравана на рашэнне задач аналітычнага апісання прылад, якія рэалізуюць арыфметычныя аперацыі мадулярнай арыфметыкі, а таксама на распрацоўку метадаў сінтэзу лагічных схем такіх прылад. Атрыманыя ў ходзе даследавання асновы былі ўкаранёны ў навучальны працэс механіка-матэматычнага факультэта БДУ.

Тэарэтычныя і практычныя вынікі шматлікіх распрацовак Д.А. Гарадзецкага прадстаўляліся на больш чым 30 міжнародных і рэспубліканскіх навуковых і навукова-практычных канферэнцыях у Беларусі, Расіі, Германіі і Канадзе.
Д.А. Гарадзецкі з'яўляецца аўтарам больш за 80 вынаходстваў, мае 75 патэнтаў на вынаходствы Рэспублікі Беларусь. У 2013 г. яму была прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як таленавітаму маладому навукоўцу за вынікі, атрыманыя ў рамках дысертацыйных даследаванняў.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

Вверх