06.08.2022

Вячаслаў Міхайлавіч Капцэвіч нарадзіўся 15 верасня 1947 г. у Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1969 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1969-1974 гг. працаваў у Інстытуце цепла- і масаабмену Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1974 г. – у Беларускім навукова-вытворчым аб'яднанні парашковай металургіі. З 1995 г. працуе ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, з 1997 г. загадчыкам кафедры «Тэхналогія металаў».

Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці – распрацоўка анізатропных фільтруючых матэрыялаў і новых кампазіцыйных фільтраў на іх аснове, якія забяспечваюць шматстадыйную ачыстку адпрацаваных змазачных матэрыялаў, іх укараненне на рамонтна-абслугоўваючых прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь; даследаванне і распрацоўка тэхналогіі фінішнай апрацоўкі дэталяў машын з накладаннем электрамагнітных палёў; распрацоўка і даследаванне тэхналагічных асноў умацавання, аднаўлення і апрацоўкі дэталяў машын у электрамагнітным полі.

Вячаслаў Міхайлавіч Капцэвіч – аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій і 1 даведніка; больш за 250 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў; больш за 15 вучэбна-метадычных дапаможнікаў, у тым ліку двух з грыфам Міністэрства адукацыі, актыўна займаецца педагагічнай дзейнасцю – падрыхтаваў 4 кандыдатаў навук.

В.М. Капцэвіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980 г.) за распрацоўку і ўкараненне ў народную гаспадарку новых порыстых матэрыялаў і вырабаў на аснове металічных парашкоў, прэміі Савета Міністраў СССР (1988 г.) за распрацоўку і ўкараненне ў народную гаспадарку пранікальных матэрыялаў з высокімі эксплуатацыйнымі ўласцівасцямі. У 1986 г. узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.


Фота: rntbcat.org.by
Вверх