20.05.2023

Мікалай Паўлавіч Круцько нарадзіўся 20 мая 1949 г. у в. Ляскавічы Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1971 г. скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці «хімічная тэхналогія перапрацоўкі нафты і газу» з прысваеннем кваліфікацыі «інжынер-хімік-тэхнолаг».

У 1971-1981 гг. – інжынер, старшы інжынер, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізіка-арганічнай хіміі АН БССР. У 1981-1989 гг. –старшы навуковы супрацоўнік аддзела павярхоўна-актыўных рэчываў і мінеральных угнаенняў Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі АН БССР (ІАНХ). У 1989 г. зацверджаны на пасадзе намесніка дырэктара па навуковай рабоце, у 1992 г. абраны загадчыкам лабараторыі канструкцыйнай керамікі і кампазіцыйных матэрыялаў ІАНХ (на грамадскіх пачатках), ператворанай у 2004 г. у аддзел кампазіцыйных матэрыялаў.

У 1980 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Даследаванне прыроды дзеяння аксіднаіндзіевага каталізатара ў рэакцыях піролізу ніжэйшых алканаў», у 1990 г. – доктарскую дысертацыю на тэму: «Калоідна-хімічныя асновы мадыфікавання дысперсій соляў і глебаў павярхоўна-актыўнымі рэчывамі і палімерамі».

Асноўныя навуковыя даследаванні Н.П. Круцько прысвечаны вывучэнню калоідна-хімічных уласцівасцяў павярхоўна-актыўных рэчываў, поліэлектралітаў і палімерных комплексаў у водна-солевым асяроддзі, міжфазных узаемадзеянняў ва ўльтрамікрагетэрагенных цвёрдафазных сістэмах і мікраэмульсіях, распрацоўцы навуковых асноў стварэння новых рэакцыйна-актыўных валокнаў, керамічных і кампазіцыйных матэрыялаў рознага прызначэння. Таксама ім распрацаваны навуковыя асновы атрымання катыённых бітумных эмульсій, што забяспечыла шырокае ўкараненне ў Беларусі энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій вытворчасці і прымянення новых матэрыялаў для рамонту і ўтрымання дарог.

М.П. Круцько – аўтар больш за 300 навуковых прац і больш за 70 вынаходстваў.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: rntbcat.org.by/
Вверх