21.10.2022

Залатым медалём імя В.І. Бліннікава «За ўклад у вынаходніцкую і патэнтную справу» узнагароджана ўстанова Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Навукова-даследчы інстытут фізіка-хімічных праблем».

Узнагарода была ўручана прэзідэнтам Еўразійскага патэнтнага ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі Рыгорам Іўліевым ва ўрачыстай абстаноўцы ў рамках работы II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця».

Установа Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Навукова-даследчы інстытут фізіка-хімічных праблем» (Інстытут) з'яўляецца адным з вядучых інстытутаў хімічнага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. Існуючы ў Інстытуце навукова-тэхнічны патэнцыял дазваляе вырашаць складаныя комплексныя праблемы ў розных галінах хіміі і хімічнай тэхналогіі і ажыццяўляць навукова-тэхналагічнае забеспячэнне як асобных вытворчасцяў, так і некаторых галін у цэлым.

Інстытут актыўна ажыццяўляе прававую ахову і камерцыялізацыю вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці шляхам атрымання ахоўных дакументаў на аб'екты права прамысловай уласнасці і ўвядзення іх у грамадзянскі абарот.

Інстытут актыўна патэнтуе свае вынаходствы ў Еўразійскім патэнтным ведамстве.

Даведка:
Залаты медаль імя В.І. Бліннікава «За ўклад у вынаходніцкую і патэнтную справу» з'яўляецца узнагародай Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, прысвечанай памяці і заснаванай у гонар першага прэзідэнта Еўразійскага патэнтнага ведамства Віктара Іванавіча Бліннікава, вядомага дзеяча Еўразійскага рэгіёну ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, заснавальніка ЕАПА. Медалём узнагароджваюцца вынаходнікі, спецыялісты і арганізацыі ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё вынаходніцкай дзейнасці і прававой аховы вынаходстваў у Еўразійскім рэгіёне, у стварэнне, станаўленне і развіццё ЕАПА.



Фота: НЦІУ
Вверх