ЭМБЛЕМА ДЗЯРЖАЎНАЙ УСТАНОВЫ «НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТР ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ УЛАСНАСЦІ»
Эмблема дзяржаўнай установы «Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці» (далей адпаведна – эмблема, Нацыянальны цэнтр) уяўляе сабой квадрат зялёнага колеру з аблямоўкай белага колеру, пастаўлены на кут, у цэнтры якога размешчаны аб'яднаныя ў адзіную кампазіцыю літара «і» залацістага колеру і літара «ў» чырвонага колеру з аблямоўкай жоўтага колеру, на фоне стрэлкі цёмна-зялёнага колеру, якая паказвае кірунак уверх. Квадрат з літарамі размешчаны на прамым раўнаканцовым вырубным крыжы (крыжы - «васьмірозе») зялёнага колеру з аблямоўкай цёмна-зялёнага колеру.
Цэнтральныя элементы эмблемы - стылізаваныя літары, якія раскрываюць назву і сэнс сімволікі. Літара «і» сімвалізуе слова «інтэлектуальная», залацісты колер якой падкрэслівае яе значнасць і высокі кошт, літара «ў» сімвалізуе паняцце «ўласнасць», чырвоны колер якой у геральдыцы сугучны паняццям «Сіла» і «Улада». Абрэвіятура «іў» дугой і кропкай утварае асацыятыўнае “вока”, якое сімвалізуе пільнасць пры ажыццяўленні аховы правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Спалучэнне літар «і» і «ў» эксклюзіўнае, характэрнае толькі для беларускага алфавіту.
У аснове эмблемы - выкарыстанне ўзораў беларускага арнаменту, якія ўвасабляюць паняцці: «Чалавек» (крыж–«васьмірог») і «Поле» (квадрат), пры гэтым «крыж-Чалавек» падкрэслівае дасягненні людзей у інтэлектуальнай сферы, канцы яго перакладзін стылізаваны пад раскрытыя кнігі, што таксама ўзмацняе паняцці: «Веды», «Інтэлект», «Улік», «Рэестр». Узор «Зямля» сімвалізуе прамысловыя аб'екты і рэестр аб'ектаў права прамысловай уласнасці.
У сучаснай беларускай геральдыцы і сімволіцы крыж – «васьмірог» успрымаецца нацыянальным сімвалам беларусаў, што сугучна назве Цэнтра і падмацавана выбарам «дзяржаўных спалучэнняў» - чырвонага і зялёнага колераў.
Акрамя таго, зялёны можа трактавацца як колер развіцця, росту, дасканаласці.
Асацыятыўным фонавым элементам прапануецца стрэлка больш цёмнага тону, якая надае сімволіцы выразнасць, дынаміку, імкненне да росту і развіцця. Залацісты (жоўты) колер сугучны золату – колеру багацця, улады, паўнамоцтваў.
Колькасць «рагоў» крыжа можна трактаваць як восем асноўных напрамкаў дзейнасці Нацыянальнага цэнтра, а таксама шматграннасць і шматвектарнасць у працы.
Даведка:
Асноўнымі напрамкамі дзейнасці Нацыянальнага цэнтра з'яўляюцца:
распрацоўка сумесна з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі органамі прапаноў па фарміраванню і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці;
удзел у рэалізацыі адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці;
ажыццяўленне кантролю за выкананнем заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці, ацэнка кошту аб'ектаў грамадзянскіх правоў;
забеспячэнне аховы правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці;
забеспячэнне рэалізацыі заканадаўства ў галіне калектыўнага кіравання маёмаснымі правамі;
ажыццяўленне інфармацыйнай і выдавецкай дзейнасці ў галіне аховы правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці;
арганізацыя падрыхтоўкі (перападрыхтоўкі) і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці;
ажыццяўленне міжнароднага супрацоўніцтва, забеспячэнне выканання міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне аховы правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці.
Дапускаецца размяшчэнне пад эмблемай поўнай або скарочанай назвы: «НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТР ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ УЛАСНАСЦІ» альбо «НЦІУ» цёмна-зялёнага колеру.
Прызначэнне эмблемы, а таксама правілы яе размяшчэння і выкарыстання вызначаны ў Палажэнні аб эмблеме дзяржаўнай установы «Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці».