Пытанне: Чым адрозніваецца публічнае выкананне твора ад яго публічнага паказу?

 Адказ: Згодна з арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і публічнае выкананне, і публічны паказ аб'ектаў аўтарскага права адбываюцца ў месцах, дзе прысутнічаюць або могуць прысутнічаць асобы, якія не належаць да звычайнага круга сям'і або блізкіх знаёмых сям'і асобы, якая ажыццяўляе або арганізуе публічнае выкананне і публічны паказ.

Адрозненне дадзеных спосабаў выкарыстання аб'ектаў аўтарскага права заключаецца ў тым, што для публічнага выканання неабходна прадстаўленне твора праз акцёрскую ігру, спевы, чытанне, дэкламацыю, ігру на музычным інструменце, танец альбо якім-небудзь іншым чынам, у тым ліку з дапамогай тэхнічных прылад (у адносінах да аўдыявізуальнага твора – паказ кадраў у іх паслядоўнасці), а для публічнага паказу – дэманстрацыя асобніка твора непасрэдна або паказ у выглядзе фатаграфіі, слайда, кіна-, тэлекадра на экране альбо з дапамогай іншай тэхнічнай прылады ці любым іншым спосабам (у адносінах да аўдыявізуальнага твора – паказ асобных кадраў па-за іх паслядоўнасцю).

Калі разглядаць дадзеныя спосабы выкарыстання твораў на прыкладзе верша, то чытанне верша на канцэрце будзе з'яўляцца яго публічным выкананнем, а дэманстрацыя рукапіснага экзэмпляра верша ў музеі – публічным паказам.

03.2024
Падрыхтавала: Т.П. Цэдрык (Зам. начальніка ўпраўлення аўтарскага і сумежных правоў - начальнік аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ), Д.Х. Градоўкіна (вядучы спецыяліст упраўлення аўтарскага і сумежных правоў аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ)

Вверх