Пытанне: Суб'ект гаспадарання А. ажыццяўляе гандаль пакаваннем малочнай прадукцыі (пластыкавай тарай) з размешчаным на ёй таварным знакам кампаніі Б. ці будзе гэта з'яўляцца парушэннем заканадаўства аб таварных знаках?

Адказ: У адпаведнасці з арт. 139 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ГК) выкарыстанне сродкаў індывідуалізацыі, у тым ліку таварных знакаў, якія з'яўляюцца аб'ектам выключных правоў, можа ажыццяўляцца трэцімі асобамі толькі са згоды праваўладальніка.

У адпаведнасці з ч. 1 арт.1019 ГК і п. 1 арт. 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1993 г. № 2181-XII «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання» (Закон аб таварных знаках) уладальнік таварнага знака мае выключнае права выкарыстоўваць таварны знак, можа распараджацца гэтым выключным правам, а таксама мае права забараняць выкарыстанне таварнага знака іншымі асобамі.

Выкарыстанне таварнага знака для індывідуалізацыі тавараў, у дачыненні да якіх зарэгістраваны таварны знак, ажыццяўляецца ў тым ліку шляхам прымянення таварнага знака на ўпакоўках тавараў, якія прапануюцца да продажу, прадаюцца ці іншым чынам ўводзяцца ў грамадзянскі абарот (п.1 арт. 20 Закона аб таварных знаках).

Даведка: у адпаведнасці з арт. 1018 ГК і арт. 2 Закона Аб таварных знаках прававая ахова таварнага знака на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на падставе яго рэгістрацыі ў патэнтным органе, якім з'яўляецца Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, у парадку, устаноўленым заканадаўствам аб таварных знаках, або ў сілу міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, для рэалізацыі суб'ектам гаспадарання А. на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь упакоўкі прадукцыі ў выглядзе пластыкавай тары, пазначанай таварнымі знакамі, уладальнікам якіх з'яўляецца кампанія Б., неабходна атрымаць дазвол ад кампаніі Б. на выкарыстанне гэтых таварных знакаў.

Рэалізацыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь названай упакоўкі без дазволу ўладальніка будзе з'яўляцца парушэннем прыналежнага яму выключнага права.

Разам з тым неабходна мець на ўвазе, што згодна з п. 4 арт. 3 Закона аб таварных знаках не прызнаецца парушэннем выключнага права на таварны знак выкарыстанне гэтага таварнага знака ў дачыненні да тавараў, правамерна уведзеных у грамадзянскі абарот на тэрыторыі дзяржаў-членаў ЕАЭС непасрэдна ўладальнікам таварнага знака або іншай асобай са згоды ўладальніка такога знака.

Такім чынам, калі пластыкавая тара, на якой размешчаны таварны знак, ужо была ўведзена ў грамадзянскі абарот кампаніяй Б. як уладальнікам таварнага знака або іншай асобай з яго згоды (напрыклад, шляхам продажу упакаванай у дадзеную тару малочнай прадукцыі) на тэрыторыі дзяржаў-членаў ЕАЭС, то наступнае выкарыстанне гэтай тары не будзе з'яўляцца парушэннем выключнага права на таварны знак.

12.2023
К.Г. Галімаў (начальнік упраўлення аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)

Вверх