Пытанне: Ці мае права аўтар перадаць сваё права на аўтарства іншай асобе?

Адказ: Аўтарам з'яўляецца фізічная асоба, творчай працай якога створаны твор (абз. 2 арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (Закон аб аўтарскім праве)).

Аўтару ў дачыненні да яго твора належаць асабістыя немаёмасныя і маёмасныя правы.

Да асабістых немаёмасных правоў адносяцца права аўтарства, права на імя, права на недатыкальнасць твора, права на абнародаванне, права на адкліканне (ч. 1 п. 1 арт. 15 Закона аб аўтарскім праве).

Пад правам аўтарства разумеецца права прызнавацца аўтарам твора (абз. 2 ч. 1 п. 1 арт. 15 Закона аб аўтарскім праве).

Асабістыя немаёмасныя правы належаць аўтару незалежна ад яго маёмасных правоў і захоўваюцца за ім у выпадку пераходу (перадачы) выключнага права на твор іншай асобе (ч. 1 п. 2 арт. 15 Закона аб аўтарскім праве).

Варта адзначыць, што асабістыя немаёмасныя правы аўтара не адчужаюцца і не перадаюцца. Любыя пагадненні, накіраваныя на адмову ад асабістых немаёмасных правоў аўтара, нікчэмныя (ч. 2 п. 2 арт. 15 Закона аб аўтарскім праве).

Такім чынам, аўтар не мае права перадаць сваё права на аўтарства іншай асобе.

11.2023
Падрыхтавала: Н. А. Трухановіч (вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)

Вверх