Пытанне: Ці можа праваўладальнік, маючы дагавор аб кіраванні маёмаснымі правамі, заключаны з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ), заключыць дагавор з іншай арганізацыяй па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі (АКК)?

Адказ: У адпаведнасці з п. 3 арт. 50 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» аўтар ці іншы праваўладальнік могуць заключыць дагавор аб кіраванні маёмаснымі правамі ў дачыненні да пэўнага твора і (або) аб'екта сумежных правоў у адпаведнай сферы калектыўнага кіравання толькі з адной арганізацыяй па калектыўным кіраванні (далей – АКК).

Пры гэтым заключэнне дагавора аб кіраванні маёмаснымі правамі з іншай АКК у дачыненні да аб'ектаў аўтарскага права або сумежных правоў, маёмасныя правы на якія не былі перададзены праваўладальнікам у кіраванне НЦІУ ў адпаведнай сферы калектыўнага кіравання, не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, маючы дагавор з НЦІУ, праваўладальнік мае права заключыць дагавор аб кіраванні маёмаснымі правамі з іншай АКК (у тым ліку з замежнай) у частцы, якая не супярэчыць умовам дагавора з НЦІУ (у прыватнасці, у тым выпадку, калі тэрыторыя або сферы калектыўнага кіравання, на якія будуць распаўсюджвацца паўнамоцтвы НЦІУ і іншай АКК, не будуць перасякацца паміж сабой).

Напрыклад: НЦІУ кіруе правамі на тэрыторыі ўсіх краін свету, за выключэннем Расійскай Федэрацыі, а замежная АКК – на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Або: НЦІУ перадаюцца паўнамоцтвы даваць дазвол на ўсе спосабы выкарыстання, акрамя давядзення да ўсеагульнага ведама з дапамогай сеткі Інтэрнэт, а ў сетцы Інтэрнэт праваўладальнік кіруе правамі самастойна (напрыклад, праз заключэнне дагавораў з агрэгатарамі музычнага кантэнту).

06.2026
Падрыхтавалі: Т.П. Цэдрык (намеснік начальніка упраўлення аўтарскага і сумежных правоў - начальнік аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ), Д.Х. Градоўкіна (вядучы спецыяліст аддзела рэгістрацыі правоў кіравання аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)

Вверх