Пытанне: Ці можна перадаць у калектыўнае кіраванне Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) твор, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту?

Адказ: Згодна з п. 1 арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (Закон аб аўтарскім праве) аўтарскае права распаўсюджваецца на творы навукі, літаратуры і мастацтва, якія з'яўляюцца вынікам творчай дзейнасці, незалежна ад прызначэння і вартасці твораў, а таксама спосабу іх выражэння. Пры гэтым паводле арт. 4 Закона аб аўтарскім праве аўтар – гэта фізічная асоба, творчай працай якой створаны твор.

Такім чынам, калі з дапамогай штучнага інтэлекту аўтар сваёй творчай працай створыць твор навукі, літаратуры або мастацтва, то на такі аб'ект у яго ўзнікне аўтарскае права, і калі карыстальніцкае пагадненне канкрэтнай праграмы, якая дазваляе аўтару ўжываць тэхналогію штучнага інтэлекту да сваіх твораў, не прадугледжвае якіх-небудзь абмежаванняў, то ў адпаведнасці з арт. 16 Закона аб аўтарскім праве аўтар можа выкарыстоўваць твор па сваім меркаванні ў любой форме і любым спосабам, дазваляць (у тым ліку з дапамогай перадачы твора ў калектыўнае кіраванне НЦІУ ці іншай арганізацыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі) або забараняць іншым асобам яго выкарыстоўваць.

НЦІУ як арганізацыя па калектыўнаму кіраванню маёмаснымі правамі ў сваёй дзейнасці кіруецца прынцыпам добрасумленнасці і разумнасці ўдзельнікаў грамадзянскага абароту (арт. 2 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь) і не ставіць пад сумненне дакладнасць прадстаўленых праваўладальнікамі звестак аб аўтарстве твораў, якія перадаюцца імі ў калектыўнае кіраванне НЦІУ. У выпадку ўзнікнення прэтэнзій, звязаных з аспрэчваннем прыналежнасці правоў на перададзены ў калектыўнае кіраванне НЦІУ твор, у тым ліку ў сувязі з адсутнасцю ў ім творчага ўкладу аўтара, праваўладальнік павінен самастойна ўрэгуляваць такія прэтэнзіі, пры гэтым НЦІУ мае права прыпыніць выкананне сваіх абавязацельстваў па дамове перад такім праваўладальнікам з моманту ўзнікнення аж да моманту ўрэгулявання адпаведных прэтэнзій.

10.2024
Падрыхтавалі: Т.П. Цэдрык (намеснік начальніка упраўлення аўтарскага і сумежных правоў - начальнік аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ), Д.Х. Градоўкіна (вядучы спецыяліст аддзела рэгістрацыі правоў кіравання аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)

Вверх