Пытанне: Ці з'яўляецца зварот да працэдуры адміністрацыйнага анулявання еўразійскага патэнта абавязковым патрабаваннем для аспрэчвання дзеяння гэтага патэнта ў Апеляцыйным савеце пры патэнтным органе? У чым заключаюцца асноўныя адрозненні паміж дадзенымі працэдурамі?
Адказ: Адміністрацыйнае ануляванне еўразійскага патэнта і нацыянальнае аспрэчванне еўразійскага патэнта – гэта дзве розныя і незалежныя адна ад адной працэдуры, якія могуць праводзіцца як паралельна, так і паслядоўна. У абодвух выпадках падаецца пярэчанне супраць выдачы еўразійскага патэнта (далей – пярэчанне).
Парадак правядзення дадзеных працэдур рэгулюецца арт. 13 Еўразійскай патэнтнай канвенцыі ад 9 верасня 1994 г. (далей – Канвенцыя), арт. 11 Пратакола аб ахове прамысловых узораў да Канвенцыі, правіламі 53, 54 (для вынаходстваў) і 116, 117 (для прамысловых узораў) Патэнтнай інструкцыі да Канвенцыі, зацверджанай Адміністрацыйным саветам Еўразійскай патэнтнай арганізацыі 1 снежня 1995 г. (далей – Інструкцыя).
Асноўныя адрозненні паміж імі заключаюцца ў наступным:
1) прававыя наступствы. Адміністрацыйнае ануляванне цягне прызнанне еўразійскага патэнта несапраўдным адначасова ва ўсіх дзяржавах – удзельніцах Канвенцыі. Пры нацыянальным аспрэчванні еўразійскі патэнт прызнаецца несапраўдным выключна на тэрыторыі адпаведнай дзяржавы;
2) орган разгляду пярэчання. У першым выпадку пярэчанне разглядаецца Еўразійскім патэнтным ведамствам (далей – ЕАПВ), у другім – нацыянальнымі органамі, у тым ліку судовымі, канкрэтнай дзяржавы. Так, у Рэспубліцы Беларусь пярэчанне разглядаецца Апеляцыйным саветам пры патэнтным органе (далей – Апеляцыйный савет), рашэнне якога можа быць абскарджана ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь;
3) тэрміны падачы пярэчання. Пярэчанне ў ЕАПВ можа быць пададзена на працягу трох гадоў з даты публікацыі звестак аб выдачы еўразійскага патэнта на вынаходства і на працягу ўсяго тэрміну дзеяння еўразійскага патэнта на прамысловы ўзор. Аспрэчванне на нацыянальным узроўні магчыма на працягу ўсяго тэрміну дзеяння еўразійскага патэнта, незалежна ад віду аб'екта, на які ён быў выдадзены;
4) кошт працэдуры. Пры звароце з пярэчаннем у ЕАПВ памер пошліны складае 70 000 расійскіх рублёў для вынаходстваў і 35 000 – для прамысловых узораў, у той час як пры аспрэчванні дзеяння еўразійскага патэнта на нацыянальным узроўні памер пошліны можа быць іншым. Так, напрыклад, памер стаўкі патэнтнай пошліны за разгляд у Апеляцыйным савеце ўсіх відаў пярэчанняў складае 29 базавых велічынь.
Пры гэтым варта адзначыць, што ў выпадку пачатку правядзення ЕАПВ працэдуры адміністрацыйнага анулявання еўразійскага патэнта нацыянальны орган можа прыняць рашэнне аб несапраўднасці гэтага патэнта толькі пасля завяршэння названай працэдуры.
Згодна з правіламі 54 і 117 Інструкцыі еўразійскі патэнт можа быць прызнаны несапраўдным на тэрыторыі дзяржавы – удзельніцы Канвенцыі поўнасцю або часткова на падставе яе нацыянальнага працэсуальнага заканадаўства ў прадугледжаных у гэтых правілах выпадках.
Парадак прыняцця і разгляду пярэчанняў Апеляцыйным саветам рэгламентуецца Палажэннем аб парадку падачы скаргаў, пярэчанняў, заяў і іх разгляду Апеляцыйным саветам пры патэнтным органе, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2020 г. № 499 (далей – Палажэнне). Палажэнне не змяшчае патрабавання аб папярэднім звароце да працэдуры адміністрацыйнага анулявання еўразійскага патэнта да падачы пярэчання ў Апеляцыйны савет.
Такім чынам, зварот да працэдуры адміністрацыйнага анулявання еўразійскага патэнта не з'яўляецца абавязковым, а асоба, якая жадае аспрэчыць дзеянне еўразійскага патэнта, мае права выбару паміж альтэрнатыўнымі спосабамі яго аспрэчвання з улікам існуючых паміж імі адрозненняў.
08.2026
Падрыхтавала: І.С. Сяргейчык (вядучы спецыяліст аддзела дасудовага ўрэгулявання НЦІУ)