Пытанне: Якія асаблівасці падачы пярэчання супраць выдачы патэнта на карысную мадэль?
Адказ: Магчымасць падачы пярэчання супраць выдачы патэнта на карысную мадэль прадугледжана падп. 3.1 п. 3 Палажэння аб парадку падачы скарг, пярэчанняў, заяў і іх разгляду Апеляцыйным саветам пры патэнтным органе, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2020 г. № 499 (далей – Палажэнне).
Пры падачы ўказанага пярэчання неабходна выканаць усе патрабаванні, якія прад'яўляюцца да падачы любога пярэчання: пярэчанне падаецца ў трох экзэмплярах, павінна змяшчаць прававыя падставы падачы і дакладнае ўказанне патрабаванняў, падпісваецца асобай, якая яго падае, або яе прадстаўніком, і іншыя патрабаванні, прадугледжаныя главой 3 Палажэння.
У той жа час падача пярэчання супраць выдачы патэнта на карысную мадэль, падставай якога з'яўляецца неадпаведнасць ахоўнай карыснай мадэлі ўмовам патэнтаздольнасці (далей – пярэчанне), мае пэўныя асаблівасці. Так, у адпаведнасці з п. 19 Палажэння да пярэчання павінны быць прыкладзены хадайніцтва аб праверцы карыснай мадэлі на адпаведнасць умовам патэнтаздольнасці, устаноўленым заканадаўствам (далей – праверка карыснай мадэлі), і дакумент, які пацвярджае выплату патэнтнай пошліны за правядзенне праверкі карыснай мадэлі у памеры 8,4 базавай велічыні (падп. 2.12 п. 2 дадатку 23 да Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Асаблівая частка).
Неабходна мець на ўвазе, што пры адсутнасці дакумента, які пацвярджае выплату патэнтнай пошліны за правядзенне праверкі карыснай мадэлі, хадайніцтва аб праверцы карыснай мадэлі да разгляду не прымаецца. Копія хадайніцтва аб праверцы карыснай мадэлі накіроўваецца ў структурнае падраздзяленне патэнтнага органа, упаўнаважанае праводзіць указаную праверку (упраўленне экспертызы прамысловай уласнасці). Упраўленне экспертызы прамысловай уласнасці на працягу двух месяцаў выносіць рашэнне аб адпаведнасці або неадпаведнасці карыснай мадэлі ўмовам патэнтаздольнасці, якое прадстаўляецца ў Апеляцыйны савет пры патэнтным органе (далей – Апеляцыйны савет) у двух экзэмплярах, адзін з якіх Апеляцыйны савет накіроўвае асобе, якая падала пярэчанне. Праверка карыснай мадэлі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку правядзення праверкі карыснай мадэлі на адпаведнасць умовам патэнтаздольнасці і прыняцця рашэння па яе выніках, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2018 г. № 340.
У рамках праверкі карыснай мадэлі вырашаецца пытанне, ці адпавядае яна ўмовам патэнтаздольнасці «навізна» і «прамысловая прымянімасць». Пры гэтым калегія Апеляцыйнага савета разглядае пярэчанне ў рамках заяўленых бокам, падаўшым пярэчанне, патрабаванняў: напрыклад, калі аспрэчваецца толькі навізна карыснай мадэлі, калегія не ацэньвае адпаведнасць карыснай мадэлі ўмове «прамысловая прымянімасць», хоць яна і ацэньвалася пры праверцы карыснай мадэлі. Разам з тым у далейшым можа быць пададзена пярэчанне па прычыне неадпаведнасці карыснай мадэлі іншай умове аховаздольнасці.
У такім выпадку, калі праверка карыснай мадэлі праводзілася раней па хадайніцтве асобы, якая падае пярэчанне, або яе правапапярэдніка, Палажэнне прадугледжвае магчымасць прыкласці да пярэчання рашэнне, вынесенае па ўказаным хадайніцтве.
Пярэчанне, пададзенае адначасова з хадайніцтвам аб праверцы карыснай мадэлі, разглядаецца на пасяджэнні калегіі Апеляцыйнага савета на працягу шасці месяцаў з даты прыняцця рашэння па выніках праверкі карыснай мадэлі, у адрозненне ад іншых пярэчанняў, калі шасцімесячны тэрмін для разгляду вылічаецца з даты падачы пярэчання.
11.2024
Падрыхтавала: Ю.В. Урбановіч (вядучы спецыяліст аддзела дасудовага ўрэгулявання НЦІУ).