21.05.2022

Акадэмік НАН Беларусі, прафесар, навуковец-геолаг, арганізатар геалагічнай службы БССР, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння выкапняў у Беларусі. Склаў першую геалагічную карту Беларусі.

Мікалай Фёдаравіч Бліядуха нарадзіўся 10 снежня 1878 г. у Чэрвені. Пасля заканчэння Дзвінскага рэальнага вучылішча паступіў у Горны інстытут у Пецярбургу. Падчас вучобы праявіў цікавасць да петраграфіі і мінералогіі рудных радовішчаў. У 1922 г. Мікалай Фёдаравіч пераехаў у Мінск, дзе ўзначаліў горны аддзел упраўлення Савета народнай гаспадаркі БССР, а з 1923 г. – кафедру геалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ).

Надаваў шмат увагі падрыхтоўцы геалагічных кадраў у БДУ, дзе пры яго падтрымцы ў 1934 г. быў адкрыты геолага-глебава-геаграфічны факультэт. З'яўляючыся дырэктарам Інстытута геалогіі і адначасова загадчыкам кафедры геалогіі новага факультэта, сфармаваў калектыў высокакваліфікаваных выкладчыкаў з ліку вядомых у той час навукоўцаў-геолагаў. Для выканання геалагічных работ на тэрыторыі рэспублікі заўсёды прыцягваў студэнцкую моладзь. У сваіх працах паказваў на цяжкасць геалагічнага вывучэння тэрыторыі Беларусі ў сувязі з рэдкай аголенасцю карэнных адкладаў пры магутным развіцці парод чацвярцічнага ўзросту.

Навуковыя ідэі ў галіне геалогіі Беларусі, вылучаныя Мікалаем Фёдаравічам Бліядуха, атрымалі далейшае развіццё ў працах беларускіх геолагаў, якія адкрылі ў другой палове XX стагоддзя ў рэспубліцы паклады калійных і каменных соляў, нафты, вугалю і іншых карысных выкапняў. Найбагацейшая калекцыя горных парод і мінералаў, сабраная Мікалаем Бліядуха ў розных раёнах Савецкага Саюза і падораная ім універсітэту, паслужыла асновай для адкрыцця кабінета мінералогіі і крышталаграфіі, а пасля стварэння вядомага ў цяперашні час Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

Вверх