17.09.2022

Генрых Восіпавіч Сон нарадзіўся ў Магілёве. Аб тым, калі менавіта нарадзіўся будучы майстар гадзіннікаў, дакладна невядома. Таксама як і няма звестак аб яго сям'і. Ён – гадзінных спраў майстар, быў адзіным экспанентам ад Расійскай імперыі на трэцяй Сусветнай выставе 1862 г. у Лондане. Яго гадзіннікі з механізмам уласнага вынаходства былі ўдастоены ганаровага водгуку.

Яшчэ больш складаныя гадзіннікавыя канструкцыі Г. Сон прадставіў на наступнай Сусветнай выставе ў 1867 г. у Парыжы. Гэта быў гадзіннік з гадавым заводам, а таксама маленькі сферычны гадзіннік у выглядзе бірулькі ў форме залатой кулі. Асаблівасцю канструкцыі было размяшчэнне гадзінных шасцерняў не ў дзвюх, як звычайна, а ў пяці плоскасцях адна над адной, што і дазволіла скараціць памеры гадзінніка ў некалькі разоў.

Нягледзячы на тое, што на гэты раз Расійскую імперыю прадстаўлялі шэсць экспанентаў, а таксама моцную канкурэнцыю з боку гадзіншчыкаў з такіх прызнаных цэнтраў гадзіннікавай справы, як Швейцарыя, Вялікабрытанія і Францыя, магілёўскі гадзіншчык зноў заваяваў узнагароду. Г. Сон меў на гэтай выставе асаблівую вітрыну, дзе былі прадстаўлены «арыгінальны залаты гадзіннік сферычнага выгляду вельмі вытанчанага і прыгожага аздаблення». Тут былі і іншыя вынаходства Г. Сона: залаты гадзіннік з заводам без ключа, гадзіннік з месячным заводам, залаты полухранометр. У паказальніку выставы адзначалася, што майстэрня Г. Сона, у якой лічылася 3 рабочых, існуе з 1840 г.

З базы дадзеных Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.


Фота: flickr.com
Вверх