Міжнародная рэгістрацыя таварных знакаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Мадрыдскім пагадненнем аб міжнароднай рэгістрацыі знакаў ад 14 красавіка 1891 г. (далей — Пагадненне) і Пратаколам да Мадрыдскага пагаднення аб міжнароднай рэгістрацыі знакаў ад 27 чэрвеня 1989 г. (далей – Пратакол). Пратакол прадугледжвае падачу ў ведамства паходжання (у Рэспубліцы Беларусь – Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (далей – НЦІУ)) міжнароднай заяўкі, якая змяшчае ўказанне краін і/або міжнародных арганізацый (далей – краіны), якія падпісалі Пратакол (па стане на 2 ліпеня 2019 г. – 103 краіна і 2 міжнародныя арганізацыі; актуальны спіс членаў размешчаны на сайце Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (далей – САІУ)). У выпадку паспяховага завяршэння працэдуры міжнароднай рэгістрацыі таварны знак прызнаецца зарэгістраваным у названых ў міжнароднай заяўцы краінах так, як калі б заяўка была пададзеная ў ведамства гэтых краін напрамую.

Перавагамі міжнароднай рэгістрацыі, акрамя названага вышэй (адзіная заяўка), з'яўляюцца:

  • аплата пошліны ў адзінай валюце (швейцарскіх франках);
  • цэнтралізаванае кіраванне міжнароднай рэгістрацыяй (падача ў Міжнароднае бюро САІУ адзінага хадайніцтва аб унясенні змяненняў, прадаўжэнні тэрміну дзеяння рэгістрацыі і iншых без пасярэдніцтва патэнтных павераных у названых краінах);
  • магчымасць далейшага тэрытарыяльнага пашырэння аховы таварнага знака (ўказання краін, не уключаных у міжнародную заяўку першапачаткова).

Асоба, якая жадае падаць міжнародную заяўку, павінна:

1) мець сувязь з краінай ведамства паходжання. Сувязь выяўляецца ў наяўнасці грамадзянства, альбо пастаяннага месца жыхарства, альбо сапраўднага і сур’ёзнага прамысловага або гандлёвага прадпрыемства ў гэтай краіне; і

2) мець у ведамстве паходжання нацыянальную заяўку на таварны знак (у Рэспубліцы Беларусь гэта павінна быць заяўка, па якой вынесена рашэнне аб прыняцці да разгляду) альбо рэгістрацыю таварнага знака, прычым гэты знак павінен быць тоесным знаку па будучай міжнароднай заяўцы.

Міжнародная заяўка афармляецца заяўнікам на англійскай альбо французскай мове на афіцыйным бланку САІУ ММ2 і павінна адпавядаць патрабаванням Артыкула 3 Пратаколу і Правілу 9 Агульнай інструкцыі да Мадрыдскага пагаднення і Пратаколу. Галоўнае з патрабаванняў складаецца ў тым, каб звесткі, якія змяшчаюцца ў міжнароднай заяўцы, былі тоесныя звесткам нацыянальнай заяўкі або рэгістрацыі, на якіх міжнародная заяўка заснавана.

Пры падрыхтоўцы да падачы міжнароднай заяўкі НЦІУ раiць карыстацца наступнымі інструментамі, размешчанымі на сайце САІУ:

Міжнародная заяўка падаецца ў НЦІУ. Як ведамства паходжання НЦІУ прад'яўляе да заяўкi дадатковыя фармальныя патрабаванні. Згодна з імi адначасова з міжнароднай заяўкай у патэнтны орган падаюцца:

  • заява аб праверцы міжнароднай заяўкі і накіраванні яе ў Міжнароднае бюро САІУ;
  • дакумент, які пацвярджае аплату нацыянальнай патэнтнай пошліны ва ўстаноўленым памеры;
  • дакумент, які пацвярджае аплату міжнароднай пошліны ва ўстаноўленым памеры;
  • дакумент, які засведчвае паўнамоцтвы патэнтнага паверанага (калі міжнародная заяўка падаецца патэнтным павераным);
  • два экзэмпляры заяўленага на рэгістрацыю абазначэння фарматам 8 х 8 см дадаткова да выявы, размешчанай на бланку міжнароднай заяўкі;
  • пры неабходнасці іншыя дакументы, у прыватнасці дэкларацыя аб намеры выкарыстоўваць міжнародны таварны знак.

Міжнародная заяўка і прыкладзеныя да яе дакументы, за выключэннем выяв заяўленага на рэгістрацыю абазначэння, падаюцца ў адным экзэмпляры. Усе дакументы, акрамя міжнароднай заяўкі, прадастаўляюцца на рускай альбо беларускай мове.

Адначасова з падачай міжнароднай заяўкі электронная копія запоўненага бланка ММ2 у фармаце MS Word накіроўваецца на электронны адрас аддзела міжнародных рэгістрацый упраўлення таварных знакаў НЦІУ ( madridgroup@ncip.by).

За падачу міжнароднай заяўкі выплачваюцца патэнтная (нацыянальная) і міжнародная пошліны.

Згодна з Асаблівай часткай Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь патэнтная пошліна за падачу міжнароднай заяўкі ў дачыненні да аднаго класа МКТУ і яе праверку і перасылку ў Міжнароднае бюро САІУ складае 10 базавых велічынь. Калі заяўка падаецца на два або больш класы МКТУ, дадаткова да 10 базавых велічынь выплачваецца 5 базавых велічынь за кожны клас звыш аднаго. Пошліна пералічваецца на разліковы рахунак НЦІУ ў беларускіх рублях.

Міжнародная пошліна складаецца з:

  • асноўнай пошліны (за падачу заяўкі на міжнародную рэгістрацыю) – 653 швейцарскіх франка для чорна-белых знакаў і 903 швейцарскіх франка для каляровых;
  • дадатковай пошліны (за кожны клас тавараў і паслуг звыш трох) – 100 швейцарскіх франкаў;
  • дабавачнай пошліны (за ўказанне кожнай краіны) – 100 швейцарскіх франкаў.

Пры ўказанні краін, якія ўсталявалі ў адпаведнасці з Пратаколам індывідуальныя пошліны, дадатковая і дабавачныя пошліны замяняюцца на індывідуальныя.

Для разліку пошліны, акрамя «Імітатара падачы міжнароднай заяўкі», можна карыстацца «Калькулятарам пошлін САІУ».

Міжнародная пошліна выплачваецца ў швейцарскіх франках на банкаўскі рахунак САІУ (гл. падпункт «bank transfer»). Для таго, каб выплачаная пошліна была правільна ідэнтыфікаваная Міжнародным бюро САІУ, у плацежным даручэнні павінны быць указаны наступныя звесткі:

  • назва і поўны паштовы адрас плацельшчыка;
  • у прызначэнні плацяжу – «Fee for filing international application for trademark (пазначыць найменне знака, калі ёсць) based on national application No. (пазначыць) (варыянт: national registration No. (пазначыць)) in the name of (пазначыць заяўніка па міжнароднай заяўцы – для выпадкаў, калі ён адрозніваецца ад плацельшчыка міжнароднай пошліны)».

Дадатковыя тлумачэнні па выплаце міжнароднай пошліны

Працэдура экспертызы міжнароднай заяўкі шматэтапная. НЦІУ разглядае пададзеную міжнародную заяўку і далучаныя да яе дакументы і пры неадпаведнасці іх нормам нацыянальнага ці міжнароднага заканадаўства накіроўвае заяўніку запыт. Міжнародная заяўка, якая адпавядае ўсім патрабаванням, перасылаецца ў Міжнароднае бюро САІУ. Міжнароднае бюро праводзіць папярэднюю экспертызу заяўкі. Калі вынік экспертызы станоўчы, знак рэгіструецца ў міжнародным рэестры і публікуецца ў афіцыйным выданні «Бюлетэнь міжнародных знакаў САІУ». Адначасова Міжнароднае бюро iнфармуе аб рэгістрацыі ўладальніка, накіроўваючы яму пасведчанне аб рэгістрацыі (certificate of registration), і ведамства названых у міжнароднай рэгістрацыі краін. На працягу 12 або 18 месяцаў з даты паведамлення гэтыя ведамствы праводзяць экспертызу міжнароднай рэгістрацыі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і ў выпадку неабходнасці выносяць папярэднюю адмову ў ахове, якая перасылаецца ўладальніку праз Міжнароднае бюро. Адмова можа быць аспрэчана уладальнікам.

На працягу 5 гадоў міжнародная рэгістрацыя залежыць ад нацыянальнай (базавай) рэгістрацыі ці заяўкі, на падставе якой была пададзеная міжнародная заяўка. Да заканчэння гэтага тэрміну ахова, якая ўзнікае ў выніку міжнароднай рэгістрацыі, спыняецца або адпаведным чынам абмяжоўваецца ў выпадку адклікання нацыянальнай заяўкі, прыняцця канчатковага рашэння аб поўнай або частковай адмове ў рэгістрацыі, спынення дзеяння нацыянальнай рэгістрацыі, прызнання нацыянальнай рэгістрацыі несапраўднай цалкам або часткова. Па заканчэнні 5 гадоў міжнародная рэгістрацыя становіцца незалежнай ад базавай рэгістрацыі.

Тэрмін дзеяння міжнароднай рэгістрацыі складае 10 гадоў з неабмежаванай магчымасцю падаўжэння, кожны раз на новыя 10 гадоў.

Усе дзеянні з міжнароднай рэгістрацыяй ажыццяўляюцца яе уладальнікам самастойна шляхам накіравання на адрас САІУ (World Intellectual Property Organization, Chemin des Colombettes 34, CH-1211 Geneva, Switzerland) адпаведнага хадайніцтва з выплатай усталяванай пошліны, см. «Дадатковыя тлумачэнні па выплаце міжнароднай пошліны» вышэй). Падрабязная інфармацыя аб магчымасці ўнясення тых ці іншых змяненняў у міжнародную рэгістрацыю і парадку іх унясення змяшчаецца ў Кіраўніцтве САІУ па міжнароднай рэгістрацыі знакаў (на англійскай мове). 

Інфармацыя аб міжнародных рэгiстрацыях (у выглядзе выпісак або іншая) даецца Міжнародным бюро САІУ.

КАРЫСНЫЯ КАНТАКТЫ:

Аддзел па абслугоўванні кліентаў Мадрыдскага рэестра САІУ (агульныя пытанні, падача хадайніцтваў):
кантактная форма: http://www.wipo.int/madrid/en/contact/;
тэл.: +41 22 338 86 86 (пн-пт з 9:00 да 18:00 (час жэнэўскi)).


Вярнуцца да спіса

Вверх