Вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры
1. Выкананне інфармацыйнага пошуку па заяўцы на карысную мадэль можа ажыццяўляцца на падставе бланка-заказу, аформленага непасрэдна самім заяўнікам, а выкананне інфармацыйнага пошуку па патэнце на карысную мадэль можа ажыццяўляцца на падставе бланка-заказу, аформленага любой зацікаўленай асобай.
2. Паскоранае правядзенне экспертызы заяўкі на выдачу патэнта на вынаходства можа ажыццяўляцца на падставе бланка-заказу, аформленага непасрэдна самім заяўнікам або яго прадстаўніком пры наяўнасці даверанасці. У бланку-заказе на паскоранае правядзенне экспертызы заяўкі на вынаходства заказчык павінен указаць нумар заяўкі.
У выпадку звароту па паскоранае правядзенне экспертызы раней за дванаццаць месяцаў з даты падачы заяўкі на вынаходства да бланка-заказу прыкладаецца хадайніцтва аб паскораным правядзенні экспертызы раней за дванаццаць месяцаў з даты падачы заяўкі, у якім заяўнік бярэ на сябе адказнасць і рызыкі, звязаныя з прызнаннем несапраўдным патэнта ў выпадку паступлення заяўкі з больш раннім прыярытэтам.
Звяртаем увагу, што пры правядзенні экспертызы раней заканчэння дванаццацімесячнага тэрміну з даты падачы заяўкі могуць быць не ўлічаны ў поўным аб'ёме звесткі аб заяўках з больш раннім канвенцыйным прыярытэтам, што ў далейшым, у выпадку атрымання патэнта па названай заяўцы, можа пацягнуць падачу пярэчання ў Апеляцыйную раду пры патэнтным органе супраць выдачы патэнта і прызнанне яго несапраўдным у адпаведнасці з артыкулам 33 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2002 г. № 160-З «Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры».
3. Выраб і завярэнне копій першай заяўкі на вынаходства і карысную мадэль (у адпаведнасці з Парыжскай канвенцыяй па ахове прамысловай уласнасці) можа ажыццяўляцца не раней як праз адзін месяц з даты падачы заяўкі на падставе бланка-заказу, аформленага непасрэдна самім заяўнікам або яго прадстаўніком пры наяўнасці даверанасці.
Таварныя знакі і знакі абслугоўвання
1. Выкананне паскоранай экспертызы заяўленага абазначэння на рэгістрацыю таварнага знака можа ажыццяўляцца на падставе бланка-заказу, аформленага непасрэдна самім заяўнікам або яго прадстаўніком пры наяўнасці даверанасці. У бланку-заказе на паскораную экспертызу заяўкі на таварны знак заказчык павінен указаць нумар заяўкі.
У выпадку звароту за выкананнем паскоранай экспертызы раней за шэсць месяцаў з даты падачы заяўкі на рэгістрацыю таварнага знака да бланку-заказу прыкладваецца хадайніцтва аб правядзенні паскоранай экспертызы раней за шэсць месяцаў з даты падачы заяўкі, у якім заяўнік бярэ на сябе адказнасць і рызыкі, звязаныя з прызнаннем несапраўдным прадастаўлення прававой аховы таварнаму знаку ў выпадку паступлення тоеснага або падобнага да ступені змешвання абазначэння, якое валодае больш раннім прыярытэтам.
Звяртаем увагу, што пры правядзенні экспертызы раней заканчэння шасцімесячнага тэрміну з даты падачы заяўкі могуць быць не ўлічаны ў поўным аб'ёме звесткі аб канвенцыйным і (або) выставачным прыярытэтах, што ў далейшым можа пацягнуць падачу пярэчання супраць прадастаўлення прававой аховы таварнаму знаку ў Апеляцыйную раду пры патэнтным органе і прызнанне несапраўдным прадастаўлення прававой аховы такому таварнаму знаку ў адпаведнасці з артыкулам 25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 1993 г. № 275-З «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання».
2. Пры заказе інфармацыйнага пошуку па базах даных таварных знакаў заказчык павінен прадставіць у бланку-заказе выяву і пералік класаў МКТП, па якіх будзе ажыццяўляцца пошук. Выява можа быць прадстаўлена ў дадатку да бланка-заказу.