Дзяржаўная сістэма аховы інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь пачала фарміравацца пасля прыняцця пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 1992 г. № 199 «Аб утварэннi Дзяржаўнага патэнтнага ведамства Рэспублікі Беларусь пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь» і ад 7 жніўня 1992 г. № 490 «Аб пераўтварэнні Беларускага рэспубліканскага агенцтва па аўтарскіх правах ва Ўпраўленне па аўтарскім і сумежных правах пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь».
5 лютага 1993 г. прыняты першыя законы Рэспублікі Беларусь аб ахове аб'ектаў прамысловай уласнасці – вынаходак, прамысловых узораў, таварных знакаў. 16 мая 1996 г. прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб аўтарскім праве і сумежных правах".
Прымаючы пад увагу эфектыўнасць выкарыстання інтэлектуальных рэсурсаў, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 1997 г. № 30 Дзяржаўнае патэнтавае ведамства пераўтворана ў Дзяржаўны патэнтны камітэт Рэспублікі Беларусь.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня 2001 г. № 516 «Аб удасканаленні сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь» Дзяржаўны патэнтны камітэт Рэспублікі Беларусь пераўтвораны ў дзяржаўную ўстанову «Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці».
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лютага 2004 г. № 66 і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2004 г. № 641 ахову правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці забяспечвае Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.
У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь функцыянуе сістэма аховы і кіравання інтэлектуальнай уласнасцю, якую ўтвараюць шматузроўневае заканадаўства і адпаведная інфраструктура.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці адпавядае міжнародным патрабаванням, у тым ліку Парыжскай канвенцыі па ахове прамысловай уласнасці і Пагадненню Сусветнай гандлёвай арганізацыі па гандлёвых аспектах правоў інтэлектуальнай уласнасці, і дазваляе забяспечваць ахову аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці айчынных і замежных суб'ектаў.
Сфарміравана развітая інфраструктура, якая ўключае нацыянальны патэнтны орган, дзяржаўны патэнтны фонд, інстытуты патэнтных павераных і ацэншчыкаў аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, рэгіянальныя кансультацыйна-метадычныя пункты, службы па ахове і кіраванню інтэлектуальнай уласнасцю на галіновым узроўні і ў арганізацыях. Прававыя спрэчкі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці разглядае судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.